ДРУГАЯ З‘ЯВА
Берта.
Рудэнц (шпарка ўваходзіць).
Нарэшце я знаходжу вас адну,
Бяздонні абкружаюць нас наўкол;
Я ў гэтых нетрах не баюся сведак,
І скіну з сэрца цяжкае маўчанне.
Берта.
Вы пэўны, што ад нас усе адсталі?
Рудэнц.
Унізе ўсе. Цяпер, або ніколі!
Не упушчу я дарагой хвіліны —
Павінен ясна бачыць я свой лёс,
Хаця-б мяне і разлучыў ён з вамі.
О, не глядзіце гэтак на мяне
Суровым поглядам. Хто я, што мог
Да вас адчуць гарэзнае жаданне?
Мяне не знае слава; не магу
Я з рыцарамі стаць ў адзіны шэраг,
Што славаю сваёй вас абкружаюць,
Я толькі вернасць маю і каханне.
Берта (сур‘ёзна і строга).
Як смееце вы гаварыць пра вернасць,
Вы, вернасць страціўшы да абавязкаў?
(Рудэнц адступае).
Раб Аўстрыі, які прадаўся сам
Чужынцу, што гняце яго народ?