Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

Эльзбета.

Каб знік ён і пакінуў капялюш нам,
Дальбог не горш жылося-б у краіне.

Фрысгардт (накідваецца на яе).

Прэч з пляцу! Вось праклятае баб‘ё
Хто клікаў вас? Мужоў сюды пашліце
Пасмеюць хай не выканаць загад.

(Жанчыны выходзяць. Уваходзіць Тэль з лукам, вядучы сына за руку. Яны ідуць міма капелюша, не заўважаюць яго).

Вальтэр (паказвае на Банберг).

Ці праўда, бацька, што на той гары
Кроў з дрэў цячэ, калі на іх надсечку
Зрабіць сякерай.

Тэль.

Хто табе казаў?

Вальтэр.

Стары пастух расказвае. Дрэвы
Заклятыя, казаў ён, хто ім шкодзіць,
Таму рука на ўсё жыццё адсохне.

Тэль.

Заклятыя там дрэвы, гэта праўда.
Ты бачыш там вяршыны ледзяныя,
Што уздымаюцца высока ў неба?

Вальтэр.

То глетчары, што так грымяць начамі,
Зрываючыся цяжкаю лавінай.