Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

Тэль.

Так, і лавіны гэтыя даўней
На месца Альторфа усім цяжарам
Валіліся, пакуль на версе лес
Не вырас, як магутнейшае войска.

Вальтэр (пасля некаторага разважання).

Ці ёсць краіны дзе без гор?

Тэль.

Калі спусціцца з нашых гор уніз,
Сыходзячы усё ніжэй па плыні,
То трапіш у вялікі роўны край,
Дзе ўжо не пеняцца лясныя воды
І рэчкі плынню роўнаю плывуць;
Там ясныя нябесныя прасторы,
Там на шырокіх нівах хлеб ўзрастае
І ўся краіна садам выглядае.

Вальтэр.

Чаму-ж мы не спускаемся туды,
Уніз, у ясную краіну тую,
А тут жывем у страху ды нягодах.

Тэль.

Зямля тая прыгожая, як неба,
А хто на ёй працуе, той не знае
Самім узрошчанага шчасця.

Вальтэр.

Ці-ж яны
Не вольныя, як ты, на ўласным полі?

Тэль.

Не, поле біскупу і каралю належыць.