Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

Штаўффахер.

Цішэй! Запомніце, што тут дом смерці.

Гедвіга (кідаючыся да хлопчыка).

Мой Вельці! Жыў ты!

Вальтэр Тэль (кідаецца да яе).

Бедная матуля!

Гедвіга.

Ці праўда? Ты не ранены зусім?
(Заклапочана аглядае яго).
Як гэта можна? У цябе ён цэліў?
Як мог ён? Не, не мае сэрца ён.
Ён мог пусціць стралу ў сваё дзіця!

Вальтэр Фюрст.

З раздратаваным сэрцам так зрабіў ён,
Прымушаны страляць пад страхам смерці.

Гедвіга.

Каб сэрца бацькі меў ён, дык раней,

Чым так зрабіць, жыццё сваё аддаў-бы!

Штаўффахер.

Вы ласцы божай дзякаваць павінны,
Ўсё добра скончылася.

Гедвіга.

Як забыцца,
Чым скончыцца магло? Вялікі божа!
Да смерці буду бачыць я хлапца
Прывязанага — бацька ў яго цэліць —
І ў сэрца мчацца будзе мне страла.

Мельхталь.

Вы чулі як абурыў яго фогт?