Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

Мяне сюды паслаў ён, каб народ
Зрабіў я паслухмяным і пакорным.
Пашаны ён чакае. Ці мужык
Павінен панам быць ці імператар?

Армгарда.

Вось момант. Падыйду я да яго.
(Набліжаецца палахліва).

Геслер.

Я не на жарт паставіў у Альторфе
Свой капялюш, а для таго, каб сэрцы
Народу спрабаваць — я знаю іх.
Паставіў для таго, каб навучыць

Згінацца тых, хто надта проста ходзіць,

І я знарок паставіў капялюш
На той дарозе, дзе хадзіць ім трэба,
Каб біў у вочы і напамінаў ім
Гаспадара, што ўжо яны забылі.

Рудольф.

Аднак свае правы ёсць у народа.

Геслер.

Лічыцца з імі не пара для нас!
Вялікія стаяць прад намі справы;
Дом імператарскі расце, што бацька

Пачаў са славай, сын павінен скончыць.

Народ маленькім камнем на дарозе
Нам лёг — яго мы змусім пакарыцца.

(Рушыць наперад, жанчына падае перад ім на калені).

Армгарда.

Будзь справядлівым, пане, пашкадуй.