Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

Муляр.

Сюды, браткі! Мы гэта будавалі;
Мы і зруйнуем.

Усе.

Так! Хадзем, зруйнуем!
(Кідаюцца з усіх бакоў да будоўлі).

Вальтэр Фюрст.

Я не магу іх болей затрымаць.
Уваходзіць Мельхталь і Баўмгартэн.

Мельхталь.

Яшчэ стаіць тут крэпасць, калі Сарнен
Ужо ў руінах і разбуран Росберг?

Вальтэр Фюрст.

То вы, Мельхталь? Прынеслі вы нам волю,

Скажыце, ворага ужо няма?

Мельхталь.

Няма, няма! Узрадуйцеся, бацька!
У гэты момант, калі мы гаворым,
Тыранаў у Швейцарыі няма.

Вальтэр Фюрст.

Скажыце, як вы замкі захапілі.

Мельхталь.

На замак Сарненскі адважна Рудэнц
Напаў і пакарыў рукой магутнай,
У Росберг я прабраўся уначы.
Аднак, паслухайце. Калі мы замак
Ачысцілі зусім і падпалілі
І полымя ўзнялося да нябёс,
Тады прыбег паж Геслера Дытгельм
І крыкнуў, што згарыць у замку Берта.