Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

Вальтэр Фюрст.

Дзе Ляндэнбергер?

Мельхталь.

За Брунігам цяпер.
Не вінен я, што збег непакараным
Той, хто старога бацьку асляпіў.
Я сцігаваў яго, дагнаў яго,
Да бацькавых яго я кінуў ног.
Ужо узняты быў над ім мой меч;
І толькі літасці сляпога старца
Ён абавязаны сваім жыццём.

Пакляўся ён, што больш назад не прыйдзе

І ён не прыйдзе; нашу руку ён
Адчуў.

Вальтэр Фюрст.

Найлепш, што чыстай перамогі
Крывёю ты не зганьбіў!

Дзеці (з абломкамі рыштавання).

Воля! Воля!
(Магутна гучыць рог Уры).

Вальтэр Фюрст.

Глядзіце што за свята. Дня такога
І ў старасці ужо не забыцца ім.

(Дзяўчаты прыносяць капялюш на кіі. Уся сцэна запаўняецца народам).

Руоды.

Вось капялюш, перад якім нас гнулі.

Баўмгартэн.

Падумаем-жа, што нам з ім рабіць.