Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

Вальтэр Фюрст.

О, божа! Мой унук стаяў пад ім.

Галасы.

Прэч гэты помнік злоснай тыраніі!
Ў агонь яго.

Вальтэр Фюрст.

Не, не, лепш захаваем!
Ён зброяй паслужыў для тыраніі —
Хай стане ён цяпер свабоды знакам!

(Сяляне — жанчыны, мужчыны і дзеці стаяць і сядзяць на бярвеннях раскіданых рыштаванняў, стварыўшы маляўнічае поўкола).

Мельхталь.

Так радасна стаім мы на руінах
Прыгнёту, выканаўшы так сумленна
Саюзную сваю прысягу ў Рутлі.

Вальтэр Фюрст.

Пачатак ёсць, але няма канца.
Адзінства і адвага нам патрэбны;
Паверце, што кароль не замарудзіць

Памсціцца за свайго ляндфогта смерць

І зноў вярнуць тых, каго мы прагналі.

Мельхталь.

Няхай сюды прыходзіць з войскам ён,
Але з сярэдзіны прагнаны вораг,
Знадворнага-ж мы здолеем спаткаць.

Руоды.

Праходаў мала паміж гор у нас,
Мы іх грудзьмі сваімі загародзім.