Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Твой дом стаіць, як панскае гняздо,
З найлепшага ён збудаваны лесу
І па найлепшым плане стаўлен ён;
І многімі ён вокнамі блішчыць,
Прыгожымі гербамі размалёван
І мудрымі выслоўямі; вандроўнік,
Чытаючы іх, дзівіцца іх сэнсу.

Штаўффахер.

Так, моцна і прыгожа дом стаіць,
Але хістаецца пад ім зямля.

Гертруда.

О, Вернер, што сказаць ты хочаш гэтым?

Штаўффахер.

Пад ліпай тут нядаўна я сядзеў
І цешыўся сваім прыгожым домам,
Аж па дарозе едзе міма нас
Фогт з Кюснахта[1] са служкамі сваімі.
Прад домам здзіўлена спыніўся ён;
Я хуценька падняўся і пакорна
Вітаў таго, каго наш імператар
Гаспадаром паставіў быць над нашай
Краінаю. „Чый будзе гэты дом?“ —
Спытаўся ён зломысна, бо і так
Ён знаў. Але я спрытна адказаў:
„Дом гэты імператару належыць
І вам. А мне ён дадзен ў лен“. Ён кажа:
„Я імператарскі намеснік у краіне

  1. Горад у кантоне Швіц, дзе знаходзілася рэзідэнцыя ляндфогта (імперскага намесніка).