Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

Ідзіце ў гэту хату, там жыве

Штаўффахер — родны бацька ўсіх бяздольных.

А вось і сам ён тут — хадзем за мной.
(Ідуць да яго. Сцэна мяняецца).


ТРЭЦЯЯ З‘ЯВА

Пляц у Альторфе[1]. На ўзвышшы ў глыбіні відаць будаўніцтва крэпасці, якая пабудавана ўжо настолькі, што мае пэўную форму: задняя частка скончана, пярэдняя яшчэ ў рыштаваннях, па якіх уніз і ўверх ходзяць рабочыя; на высокім даху сядзіць бляхар — усё ў руху, у рабоце.
Цівун, Муляр, яго памочнікі і чаляднікі.

Цівун (з кіем падганяе рабочых).

Даволі гуляў, падавай камення!
Сюды, ды вапну з цэментам нясіце.

Як прыйдзе пан ляндфогт, хай бачыць ён,
Што праца йдзе. Як слімакі плятуцца…
(Да двух работнікаў, што нясуць каменні).

Ці-ж гэтак носяць? Удвая дадаць!
Вось гультаі, абы як адчапіцца.

1-шы чаляднік.

Нялёгка нам самім цягаць каменне,
З якога нам будуецца турма.

Цівун.

Хто там бурчыць? Паганейшы народ,

  1. Галоўны горад кантона Уры. На цэнтральным пляцу ў г. Альторфе, на тым месцы, дзе паводле народнага падання быў выстаўлены капялюш ландфогта Геслера, стаіць цяпер помнік Тэлю як сімвал незалежнасці швейцарскай буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі.