Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

Флюэ.

Ці-ж згодзімся мы гвалту тое даць,
У чым адмовілі і ласцы мы?

Мейер.

Былі-б мы
Тады навек рабамі па заслугах.

Маўэр.

Навек хай страціць той правы швейцарца,

Хто Аўстрыі аддацца прапануе.
Ляндамман, я стаю за тое тут,
Каб гэткі першы выдалі закон мы.
Так. Той, хто хоча Аўстрыі здавацца,
Пазбаўлены пашаны і правоў
І хай ніхто не дасць яму прытулку.

Усе (паднімаюць правыя рукі).

Няхай законам будзе гэта.

Рэдынг (пасля паузы).

Ёсць.

Рэсельман.

Цяпер вы вольны — праз закон праз гэты.

Хай Аўстрыя таго не возьме гвалтам,
Чаго не атрымала добраахвотна.

Іост Вайлер.

Цяпер далей, да справы.

Рэдынг.

Таварыства.
Ці спрабавалі мы усе ўжо сродкі?
Быць можа сам кароль ўсяго не знае
І церпім мы супроць яго жадання.