Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

ДРУГАЯ З‘ЯВА

Замкнутая дзікая лясная мясціна; са скал збягаюць ручайкі. Берта ў паляўнічым адзенні, за ёю Рудэнц.

Берта.

За мной ён. Можна высветліць нарэшце.

Рудэнц (шпарка ўваходзіць).

Нарэшце я знаходжу вас адну,
Бяздонні абкружаюць нас наўкол;
Я ў гэтых нетрах не баюся сведак,
І скіну з сэрца цяжкае маўчанне.

Берта.

Вы пэўны, што ад нас усе адсталі?

Рудэнц.

Унізе ўсе. Цяпер, або ніколі!
Не упушчу я дарагой хвіліны —
Павінен ясна бачыць я свой лёс,
Хаця-б мяне і разлучыў ён з вамі.
О, не глядзіце гэтак на мяне
Суровым поглядам. Хто я, што мог
Да вас адчуць гарэзнае жаданне?
Мяне не знае слава; не магу
Я з рыцарамі стаць ў адзіны шэраг,
Што славаю сваёй вас абкружаюць,
Я толькі вернасць маю і каханне.

Берта (сур‘ёзна і строга).

Як смееце вы гаварыць пра вернасць,
Вы, вернасць страціўшы да абавязкаў?
(Рудэнц адступае).
Раб Аўстрыі, які прадаўся сам
Чужынцу, што гняце яго народ?