Потым на дварэ затарахцелі калёсы. Нехта тпррукнуў. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы.
— А глядзі ты, ці ня Мікіціха толькі прыехала. Яна мусіць...
Кандрат ускінуў на плечы пінжак і пайшоў на двор. Тады ўся сям’я прыліпла да вокан.
На дварэ ля калёс стаяла жанчына і двое дзяцей. Мужчына, фурман, здымаў з калёс вялізную карзіну. Кандрат пацалаваўся на крыж з Маланьняй, падаў руку суседу, які прывёз яе.
— Гэта-ж бы напісалі, дык я-б і прыехаў, конь усё роўна ўжо адпачывае...
— А калі я прывёз, дык што?
— Ды нічога, але-ж і свой конь ёсьць, і на сваім-бы можна прывезьці.
Сям’я адышла ад вокан і скучылася на ганках. Кандраціха павіталася з Маланьняй і гэтак-жа, як і Кандрат, тры разы на крыж пацалавалася з ёю. Унесьлі ў хату чамадан і карзіну. Кандрат павялічыў агеньчык у лямпе, памог дзецям Маланьніным распрануцца і зноў сеў на сваё месца каля стала...
— Дастань хіба сала, ды сасмаж, — зьвярнуўся ён да жонкі, — яны-ж, мусіць, ня посьцяць... Яно і нам пасьціць цяжка, няма селядцоў і алей вышаў... А мо і бульбы-б нашай печанай паспытала, я дык надта люблю. Усё багацьце наша цяпер у бульбе.
Кандрат узяў пакінутыя на стале палавінкі бульбіны, патрымаў іх у руцэ, паказваючы Маланьні, потым