Старонка:Вінаваты (1930).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

чацца героізму, ён хоча праверыць сябе, а як, ці не спалохаўся-б? як-бы перанёс раненьне? Такія думы хвалявалі Алеся часта.

Наўкола пануе ўсё такая-ж дзівосная цішыня. Чуць-чуць ад подыхаў вецярку гойдаецца паветра і абдае твар Алеся то прахладай прыемнай мяккай, то цяплынёй. Цела стамілася, ім вось-вось заўладае дрымота. Алесь сіліцца, каб не заснуць. Ад гэтага пачынае думаць, што хутка дзень прыйдзе і ўспамінае дом. Заўтра бацька будзе пачынаць касіць. Ён хворы і касіць яму цяжка, варта-б касіць Алесю, але заўтрашні дзень пэўна пройдзе яшчэ ў Алесеўцы. Бацька будзе злаваць. Злосьці сваёй ён ня выкажа Алесю, затоіць яе ў сябе, але па таму, як ён за цэлы дзень ня скажа ні слова да Алеся, як ён за вячэрай будзе тупіцца моўчкі ў міску і потым моўчкі адразу ляжа. Алесь адгадае яго злосьць. Гэта мучыць. Мучыць і паўжабрацкае існаваньне сям’і.

Хворы бацька. Беднасьць — няма хлеба. У хату час-ад-часу прыносяць суседзі хутаране і радня: то гладышку сыраквашы, то аладак, то кавалак хлеба. Гэтае, асабліва такая дапамога суседзяў, крыўдзіць. Пасьля такіх падарункаў суседзяў, Алесь ня можа пазіраць у вочы мацеры, ён зыходзіць з хаты, кладзецца дзе-небудзь у полі і падоўгу ляжыць моўчкі. Тады хочацца плакаць, крычаць і куды-кольвеч сыйсьці з дому зусім. Прыдумаць другое што-небудзь ён яшчэ ня можа і ад таго ўжо болей году песьціць думку пра тое, каб паехаць куды.