Старонка:Вінаваты (1930).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Насупроць Алесевага ложку каля акна сядзіць Стэфан і піша. Ён увесь аддаўся лісту, падоўгу думае над тым, што напісаць.

Алесь толькі што з вуліцы прыйшоў, змарыўся. Ён адразу лёг на ложак і адпачывае.

Ужо трэці год як ён вучыцца ў тэхнікуме. Пазалетась павятовы камітэт комсамолу і райком партыі адпусьцілі яго на вучобу. Ён тады ўжо быў членам партыі і старшынёй сельсавету.

Першыя дні вучобы ў горадзе і зусім невялічкая стыпэндыя, сьціснулі неяк яго, патушылі актыўнасьць ягоную. Але праз тры месяцы ён ужо актыўна працаваў у парт’ячэйцы. Партыйцаў у тэхнікуме было мала. Першы год вучобы прайшоў хутка. Летам Алесь прыехаў у сваю вёску на вакацыі. Цэлыя дні ён працаваў у гаспадарцы, а вечарамі і ў сьвяточныя дні ішоў у ячэйку ці па вёсках з заданьнямі парт’ячэйкі і сельсавету. Сяляне яго ведалі як нядаўняга старшыню сельсавету. Малады, энэргічны, ён палкасьцю сваіх слоў умеў пераканаць сялян у праўдзівасьці таго, пра што казаў і яны паважалі яго за гэта.