Старонка:Віцебскія мастакі-гравёры (1928).pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

Успомнім хоць-бы выданьні беларускага вучонага і друкара XVI ст. Францішку Скарыну, выданьні якога да гэтага часу застаюцца лепшымі ўзорамі друкаванага мастацтва, дзе выключна гармонічна зьвязваюцца з друкаваным шрыфтом надзвычайна добра выкананыя драўляныя гравюры.

Заняпад ксілёграфіі пачынаецца з ХVІІ ст., калі яе паступова выціскае гравюра на мэтале, а арыстократычны ХVІІІ век канчаткова ганьбуе драўлянай гравюрай і захапляецца амаль поўнасьцю гравюрай на медзі.

У першай палове ХІХ ст. драўляная гравюра пачынае адраджацца. Але, не пасьпеўшы расквісьці, к канцу сталецьця выраджаецца, імкнучыся служыць задачам рэпродукцыі неўласьцівых яе духу і характару маляўнічых карцін. Здабытыя ў ХІХ ст. мэханічныя спосабы аднаўленьня малюнкаў, канчаткова выціскаюць драўляную гравюру з кнігі. Само-ж мастацтва друкаваньня кніг у канцы XIX ст., асабліва ў Расіі, — адбітак заняпаду.

Пачатак XX ст. у Расіі вызначаўся росквітам графікі, і таму ізноў зьвяртаецца ўвага на мастацтва друкаваньня кнігі. Гэта вялікая культурная заслуга належыць групе мастакоў „Мир Искусства“. Культ кнігі, пачаты „мирискусственниками“, у рэволюцыйныя гады ў СССР атрымаў сваё лёгічнае завяршэньне ў аздобе кнігі драўлянай гравюрай. Ксілёграфія ў рэволюцыйны пэрыяд заняла ня толькі адпаведнае ёй месца ў адносінах аздобы кнігі, але і атрымала важнейшае месца і найбольш пярэд-