Старонка:Віцебскія мастакі-гравёры (1928).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная


ГРАВЮРА на дрэве, ці ксілёграфія, хоць і ўзьнікла раней друкаваньня кніг, але цесна зьвязана з ім. Ніякі іншы спосаб аздобы кнігі так ня зьвязваецца са старонкай і тэкстам яе, як драўляная гравюра. Маючы выгнутую, рэльефную паверхню для друкаваньня, драўляная гравюра можа друкавацца разам з тэкстам кнігі, робячы, такім чынам, выключную суцэльнасьць старонкі. Між тым, як іншыя віды аздобы кнігі, як: гравюра на мэтале і літографія, маючыя углыбленьні ці гладкую паверхню для друкаваньня, — у кніжцы павінны друкавацца асобна ад тэксту, ня зьліваючыся з апошнім.

Драўляная гравюра, знаходзячы сваё найбольшае прыстасаваньне ў вытворчасьці і афармленьні кнігі, мае лёс, аднолькавы і роўналеглы з лёсам друкаваньня яе: найбольшы росквіт драўлянай гравюры выпадае на лепшыя часы мастацтва ў друкаваньні кніг (XV і XVI ст.).