зьяўляецца і тарговая чыннасьць беларускага народу. З гэтага выплывае, што розьніца паміж цяперашнім і калішнім часам зводзіцца да абмераў і форм гэтай чыннасьці.
Дабываючая прамысловасьць у старой Беларусі была болей пашырана, як вытворчая. З дабываючай прамысловасьці выдзеляліся: ратайства, лавецтва, скатаводзтва і пчальнікоўства, ці, як даўней казалі, «зямецтва». Цяпер Беларусь называюць ратайскай стараной, дзеля таго, што ратайства зьяўляецца галоўным заняцьцем аграмаднай большасьці жыхарства. Дзеля таго, каб мець такое вялікае пашырэньне, ратайства павінна было здаўна паявіцца на Беларусі. І запраўды, мы бачым яго вельмі рана ў нас. Але разьвіцьцё яго залежала ад мейсцовых варункаў, каторыя былі для яго меней або болей спрыяючыя: Беларусь была скрозь пакрыта лесамі і мела не асабліва раджайную глебу і дзеля гэтага ратайства вымагала тут значных высілкаў дзеля карчаваньня лясоў. Дзеля гэтага ў нас ратайства пачыналася ад ля’давай гаспадаркі, пры каторай ссечэны лес паліўся і на выпаленым ля’дзе гаспадар засеваў зярно; выкарыстаўшы два, тры гады зямлю, яе закідалі і разчышчалі новае лядо. Ратайскія прылады былі ў гэныя часы тыя самыя, што і цяпер — плуг, рало (саха), скарада (барана), серп; збожжа складалі ў скірты і тарпы; зярно пераховывалі ў клецях і ямах; малацілі і веялі на таку, малолі на ручных жорнах. Засевалі: жыта, ячмень, авёс, лён і канаплю. У ХII сталецьці ратайства зьяўляецца пануючым заняцьцем усяго жыхарства. Садаводзтва і агродніцтва былі разьвіты стасункова слаба. Разьвіцьцё ратайства адбывалося за кошт лавецтва, каторае першапачаткова панавала на ўсім беларускім абшары; у меру разьвіцьця ратайства падала лавецтва. Лясы беларускія славіліся багацьцем усякіх зьвераў, у тым ліку і пушных. У лесах водзіліся саболі, куніцы, бабры, гарнастаі, пясцы. Бабры істнавалі па ўсіх рэках і рэчках. Са зьнікнуўшых цяпер адмен дзікіх жывёл, трэба адмеціць дзікіх коней і туроў, або зуброў. Дзеля лоўлі зьвяроў ужывалі, акром сабак, яшчэ і лавецкіх птушак — сокалаў і ястрэбаў. Лавецтвам займаліся ня толькі дзеля разрыўкі, сколькі дзеля промыслу, даваўшага