Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

Міхайле Глінскаму: «А каторых баяр у Тураўскім павеце мы яму перш не далі іно, мы пане з ласкі нашае за яго к нам верную службу тых баяр, каторыя маюць маетнасьці свае ў Тураўскім павеце, яму аддаем з іменямі і саўсім тым, як яны нам служылі, а ежелі бы тыя баяры не захацелі яму служыць, то яны, аставіўшы свае іменья, могуць служыць каму хочуць, нам лі гаспадару, або панам радзе нашай. А князь Міхайла волен у тых іх іменьях, куды хочэць абернуць, а далі яму тых баяр з іх іменьямі і са ўсім вечна, непарушна яму і дзецям і патомкам» (Ак[ты] З[ападной] Р[оссии], т. І. С. 222).

Усе ведамасьці аб панцырных і путных баярох, дайшоўшых да нас, адносяцца ўжо да таго часу, калі краем владзела дынастыя Гедымінавічаў пад уплывам Польшчы, але пачатку інстытуту путных і панцырных баяроў трэба шукаць у далёкай мінуўшчыне. І там, у мінуўшчыне, мы знойдзем, што княжые і земскіе дружыньнікі атрымлівалі надзел зямлёй за сваю службу. Гэты путныя баяры — тая вайсковая сіла беларускай зямлі, на якой трымалася нашая незалежнасьць. Найбольш пагоршылося палажэньне служэбных баяроў пасьля уній з Польшчай, асабліва тые з паміж іх, каторые праз консэрватызм і вернасьць сваёй веры і роднасьці не пайшлі ў рады шляхоцтва. Рэдкіе паміж іх уберагліся ад прыгоннай павіннасьці.

БЕЛАРУСЬ У ЗЬВЯЗІ З ЛІТВОЙ

Полацкая земля, увайшоўшы ў склад Літоўска-Беларускай фэдэрацыі, доўгі час мела асобных князёў з роду Гедыміна. У палітычным змаганьні паміж Кейстутам і Ягайлам полацкі князь стаяў на старане першага. Ад часу ўмацаваньня Ягайлы на вялікакняжым пасадзе полацкія князі трымаюць сваю зямлю на фэодальным праве, пад сувэрынітэтам самога Ягайлы. У часе змаганьня Вітаўта з Ягайлам, Полацак стаяў на старане Вітаўта. Вітаўт, каторы кіраваўся да знішчэньня ўдзельных князёў, па сьмерці полацкага князя Андрэя, спрацівіўся выбару новага князя і