Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/38

Гэта старонка была вычытаная

іншаго з князёў. Паводле выражэньня летапісей, полацкае вечэ прыраўнівае сваю ўладу да княжжай улады ў другіх славянскіх народаў. У тыя часы на Ўкраіне князі выбіралі сабе старых князёў і прысягалі, што яны будуць паслушны старшаму князю як бацьку; акурат таксама паступае полацкае вечэ, не пытаючыся аб гэтым свайго князя, каторы, калі хацеў аставацца князям у Полацку, павінен быў прыслухаць пастановам веча.

Князі былі ў такім палажэньні да веча, што князь, пацярпеўшый неўдачу ў якім кольвак паходзе, ужо не важыўся варочацца ў Полацак; гэтак у 1162 гаду, калі Рогвалад быў разьбіты пад Гарадцом, то не вярнуўся ў Полацак, а ўцёк у Друцк (Ипат. лет. С.91). Або ў 1167 г. Усеслаў Васількавіч, разьбіты Валадаром, такжа не адважыўся вярнуцца ў Полацак, а ўцёк у Вітэбск пад апеку смаленскага князя.

Паводле ўсёй праўдападобнасьці, былі вечы і ў полацкіх прыгарадах, але яны не мелі вялікага значэньня; бо, паводле агульнага правіла, павінны былі выпаўняць пастановы галоўнага, полацкага, веча як старшага ў краю. Мы маем толькі кароткія весткі на вечы ў прыгарадах, гэтак маецца вядомасьць аб вечы ў Заслаўлі (Ізяславль); пад 1127 г. у летапісі сказана: «Відзеўшы Ізяслаўцы князя свайго і Лагажаноў, што без вайны ўзяты, і здаліся, сказаўшы Вечаславу: прысегні на Бога, што нас не дасі на шчыт» (Лавр. лет. С. 131). І ешчэ ў 1159 гаду Друцкае вечэ ўступіло ў перагаворы з Рагвалодам Барысавічам і запрашало яго да сябе на князя, у чым часьцю прыймалі удзел і Палачане (Іпат. лет. С.82). З гэтага відаць, што Друцкае вечэ выступала за адно з нейкай партыяй полацкага веча.

Судзячы па гэтых неясных зьменках, можна судзіць, што і ў другіх прыгарадах былі свае вечы для сваіх мейсцовых спраў, але ў агульна-палітычных пытаньнях павінны былі прыслухаць пастановам веча ў старшым горадзе Полацку. Ці заўсёды яны прыслухалі старшаму гораду, аб гэтым пацьверджаючы сказаць нельга, тым больш, што старая гісторыя полацкага княжства да Гедымінавічоў дайшла