Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/41

Гэта старонка была вычытаная

дзержаўцы перш называліся цівунамі, па дванадцаці грошы. А калі б віжы і дзецкія нашы, і воеводаў і стараст нашых, і дзержаўцаў нашых, а такжа іх намесьнікаў ня мелі патрэбы ехаць, а аставаліся бы ў горадзе, то ім віжовага і дзецкаваньне палавіна. А калі б каторага дзецкага мы або рада наша воеводы, маршалкі і старасты пашлем на спагон грошы, то ім дзецкаваньня ад кождага рубля па 10 грошы». Па 35 артыкулу, сьведчэньне віжа, калі яно пацьверджэна двумя або трымя шляхціцамі было такое важнае, што яго ня можна было адвясьці ніякімі сьведкамі. У агульных рысах абавязкі і даходы віжа ў уставах 1551 году на другім Віленскім Сойме выложэны гэткімі словамі: «Віж павінен даць прысягу, што ён усё, што будзе бачыць або чуць, то ўсё справядліва перад правам (судом) або кнігамі судовымі павінен расказаць і засьведчыць. Віжы пры сваім віжаваньні павінны мець пры сабе заўсёды старану людзей добрых па даўнаму абычаю. А за іх працу і праезд за кождую мілю плаціцца па аднаму грошу». Па праву сьведчэньне віжа перад судом ці ўрадам мело тую самую сілу, як бытцам бы ўрад ці суд тое бачыў і чуў сваімі вачыма і вушамі. А дзеля гэтага віж меў вялікае значэньне і для ўрада, і для суда, і для самага грамадзянства; і тая і другая старана павінны былі жадаць, каб сьведчэньню віжа можна было даць веру поўнасьцю, і па статуту 1529 году ўрад або суд быў з гэтай стараны абясьпечэн тым, што віжы назначаліся самім урадам, г.зн. воеводамі, старастамі і дзержаўцамі. Але гэткі лад натуральна ня мог падабацца грамадзянству, і яно заўсёды з няверай глядзело на віжоў, назначаных урадам і называло іх людзьмі ня годнымі веры, і на ўсіх соймах станы прасілі гаспадара, каб віжы былі выбарныя ад грамадзянства і прысяглыя. І толькі ў статуце 1566 г. пытаньне аб віжах, як і аб земскіх судзьдзях, было перагледжэна і блізка ўсе абавязкі віжа перэдадзены вознаму, а віж ужо стаяў на задным плане і, здаецца, быў пакінут толькі пры гэтмане і наагул пры вайсковых зьверхніках у часе паходаў. Прынамні ў статуце 1566 году віж упамінаецца толькі пры гэтмане.