Кундера побиша и всю силу их немецкую одолеша и грады их немецкія поимаша, токмо три града не вдашася Королю и Витофту». Так апаведае адна з нашых летапісей аб бітве каля Дубраўны, цяперашняга нямецкага Грунфэльда.
У гэты на вечныя часы памятны дзень войскі Вял. Кн. Літоўска-Беларускага і каралеўства Польскага, пад галоўнай камандай Вітоўта сыйшліся з крыжакамі на полю бітвы. У немцоў было да 85.000 добра навыторанага войска з вялікім лікам гармат, са стараны аб’еднаных дзержаў налічаюць да 140.000 (Палякаў — 50.000, Беларусаў і Ўкраінцаў 50.000, Літвіноў і Жмудзіноў 8.000 і да 40.000 татароў). Захаваліся названьня палкоў, выступаўшых са стараны В[ялікага] Кн[язя] Літоўска-Беларускага. БЕЛАРУСКІЯ — Мсьціслаўскі князя Лугвенія Ольгердовіча, 1, 2, 3 смаленскія, берасьцейскі, вітэбскі, гродзенскі, дрогічынскі, лідзкі, мельнікаўскі, новагрудзкі, пінскі, полацкі Сьв. Юрья і віленскі. УКРАІНСКІЯ — кіеўскі, крэмянецкі, галіцкі, люблінскі, львоўскі, перамышльскі, 1, 2 і 3 падольскія і ноўгарад-северскі Князя Жыгімонта Дзмітрэвіча Корыбута. ЛІТОЎСКІЯ — ковенскі, медніцкі, троцкі, вілкавыскі. Падробнасьці бітвы мала вядомы. Устаноўлена, што з агромным упорствам і мужствам біліся праціўнікі. Морэ крыві было праліта ў гэты дзень. Больш 40.000 немцоў пакрылі сваімі трупамі зямлю. Апісваючы бітву, польскі гісторык Длугош аддае дань пашаны смаленскім беларускім палкам: у гэты дзень адно толькі рыцарства смаленскае пры сваіх харугвях цьверда стаяло і не падавалося назад. У аднэй з харугвей большасьць пала пад мечамі, сьцяг яе быў зьбіты, дзьве другія харугві біліся як належыць праўдзівым рыцарам. Гэты тры палкі пакрылі сябе і ўсё войска славай. Перамога над крыжакамі была поўная. Патужнасьць крыжацкая была зломлена. Бітва была 14—15 ліпня.