Знаўцы вайсковай справы аднагалосна, аднак, высказываюцца за тое, што статут гэты ў свой час меў высокую вартасьць як адзін з першых вайсковых статутаў у славяншчыне, а ў цяперашні час яўляецца вельмі цэнным памятнікам высокага разьвіцьця вайсковай тэхнікі ў беларусоў ужо ў ХVII сталецьці.
Статут забараняе паедынкі паміж вайсковымі, паясьняючы, «бо жаўнер мае быці мужны супроць непрыяцелеві*, а ня супроць свайго таварыша».
ДВАРАНЕ ГРОДЗКІЯ, АБО ГАРАДЗКІЯ
Трэцьцім, па старшэнству, станам у старой Беларусі, як сьведчыць устаўная полацкая грамата 1465 г., былі дваране гродзкія. Калі ўтварыўся гэты стан беларускага грамадзянства, мы на гэта не маемо бязпосярэдніх сьведзтваў. Але калі прыняць беларускіх гродзкіх двараноў за адно з ноўгародзкімі грыднямі, то трэба дапусьціць, што гэты стан быў адзін са старадаўных, утварыўшыхся ешчэ пры Рагвалодавічах. Гэта былі служылыя людзі, якія мелі ў местох свае землі, дадзеныя ім за службу вечам на асабістым праве, а не на грамадзкім, а дзеля гэтага яны ешчэ насілі назову сваеземцаў. Паводле ўстаўнай граматы, дваране былі сябрамі местовай грамады і прыймалі ўдзел у справах местовага справаваньня і на соймах, як гэта сказана ў грамаце: «а без баяр мешчанам і дваранам гродзкім і паспольству соймоў не надобе чыніць». А што гродзкія дваране мелі свае землі ў паветах, аб гэтым сьведчыць грамата В[ялікага] Кн[язя] Александра, дадзеная Полацку ў 1497 г., у якой сказана: «яго міласьць ацец наш кароль Казімір дазволіў мешчанам полацкім і дваранам гродзкім і волосным людзем у тых рэках, што ў іх землях, рэкі гонныя, бабры ганіці і лавіці ім самім на сябе, і плаціць за гэта штогодна па дзьвесьці рублей грошай літоўскіх шырокіх». Паводле ўстаўнай граматы, дадзенай Полацку ў 1499 г. , аб абавязках гродзкіх двараноў сказана, што яны павінны праводзіць гаспадарскіх паслоў, у другой грамаце