Малады Ластоўскі вычытвае ў пасляслоўі наступнае: «Амаль 40 гадоў я гэтак ашчадна рахаваў кожную хвіліну, што яшчэ аніводнай гадзіны свайго жыцця не прамантачыў забавай у карты, аніводнага дня не правёў ў ваяжах далей за межамі Славяншчыны, аніводнага разу не быў на абмінáнках [выперадках][1], гучных балях, на маскарадах, маёўках дзеля забавы; на сон мне хапала 5 гадзін».
Хіба такое не можа паўплываць на светапогляд юнака з Глыбоччыны, які меў усяго 4 класы адукацыі? Але, калі ў 58-гадовага працаўніка з Яжова на Беласточчыне вырвалася з-пад пяра згаданае вышэй прызнанне, Ластоўскі ў такім самым веку быў арыштаваны і па сфальсіфікаванай у пракураных кабінетах НКВД справе «Саюза вызвалення Беларусі» (1930) адбываў высылку за тысячы кіламетраў ад межаў славяншчыны. Ад родных крывіцкіх магіл.
Тым не менш, сярод нацыянальнай эліты, якая толькі-толькі адраджалася ў краі на пачатку ХХ стагоддзя, удыхнуўшы свежаку ліберальных царскіх законаў свабоды веравызнання і публічнага карыстання нацыянальнымі мовамі, гэта значыць, яшчэ ў «нашаніўскую эпоху», у адносна маладыя гады Ластоўскі ўжо лічыўся легендай дзякуючы ведам пра забытыя лабірынты айчыннай гісторыі. Наколькi ён жыў мінуўшчынай, мыслiў яе катэгорыямi i валодаў найбагацейшай факталогiяй, сведчыць прызнанне аднаго з сучаснiкаў (верагодна, Кляўдыюша Дуж-Душэўскага): «Трапiў я ў рэдакцыю «Наша Нiва». Сталi мы гаварыць аб беларускай справе. Я высказаў фразу: «...але, на жаль, мы, беларусы, маем бедную гiсторыю». Раптам скуль узяўся чалавек лысы, абросшы, няголены, з круглым чалом i, iдучы яшчэ, паднятым голасам стаў гаварыць: «Як, мы не маем гiсторыi? Скажыце, калi ласка, хто мае багацейшую
- ↑ Захапляючыся зайздросным майстэрствам Власта ў галіне словатворчасці (хоць часам яго падводзіла пачуццё меры), запэўніваю чытачоў: гэта не новатворы. Тым больш, каб у арыгінале стаяла пэўнае na wyścigach konnych — тады б можна было схіліцца да расейскага «на скачках». Аднак тут цалкам пасуе нашае спаконвечнае «абмінáнкі», «выперадкі» (інф. Алеся Каўруса).