бар сабе ў князі пятага Ўсеславіча, Рогвалода. Але Мсьціслаў ня кончыў справы з полацкімі князямі на тым, што выгнаў Давыда, ён, здаецца, абавязаў усіх полацкіх князёў прызнаць над сабою ўласьць Кіеўскага князя на акрэсьленных варунках і калі полацкія князі ня выпаўнілі гэных варункаў, то на другі год (1128) ён паланіў іх і выслаў іх да швагра, грэцкага імпэратара, у Канстантынопаль, а ў Полацку і Менску пасадзіў князямі сваіх сыноў Ізяслава і Сьвятаполка. Барыс Усеслававіч жа памёр у 1129 гаду.
Гэткім чынам, на працягу 28 гадоў па сьмерці Ўсеслава, тры Ўсеслававічы і Раман, Глеб і Барыс, памёрлі; трое — Давыд, Расьціслаў і Сьвятаслаў — сасланы ў Канстантынопаль і ў той жа час трое — Барыс, Давыд і Рагвалод перэбывалі на полацкім пасадзе, адбіраючы яго пры помачы Кіеўскіх і Чарнігаўскіх князёў. І ў рэшце ўся полацкая земля была захоплена кіеўскімі Рурыкавічамі. Мы ня ведаем, на сколькі ва ўсіх гэтых пераменах было прычынна Полацкае вечэ, тым ня меней маюцца вядомасьці, што вечэ на гэтулькі зьвязывала самаістасьць і незалежнасьць Полацкай зямлі з Рагвалодавым родам, што нават пасьля Мсьціслававага разгрому, калі ўсё ўжо здавалося быць утрачэным, палачане ўсьлед па сьмерці Мсьціслава выгналі яго сыноў і іхніх пасаднікаў і недзе адшукалі Васілька Сьвятаслававіча, сына сасланага Сьвятаслава і пасадзілі яго князям у Полацку. Пасьля, калі праз дзесяць гадоў, вярнуліся іншыя князі са ссылкі, то і іх пасадзілі па гарадах і ўдзелах.
Князі, вярнуўшыся са ссылкі, па даўнаму не пакідалі паміж сабой сварыцца і вадзіцца; дружыць і радніцца з кіеўскімі і чарнігаўскімі князямі, наводзячы іх на сваю бацькаўшчыну. Гэтак у 1143 гаду Васілька Сьвятаслававіч Полацкі выдаў сваю дачку за Сьвятаслава, сына Ўсевалода Ольгавіча; а другі полацкі князь, Рагвалод Барысавіч, ажаніўся з дачкой Ізяслава Мсьціслававіча Перэяслаўскага. Пры гэткіх стасунках уплывы кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў — Рурыкавічоў на полацкія справы так узмагліся, што нават полацкае вечэ, каб падтрымаць свае пастановы, шукало ў іх падмогі і апекі. Гэтак у 1151 гаду палачане, саслаўшы ў