Менск свайго князя Рагвалода Барысавіча і прыняўшы сабе ў князі Расьціслава Глебавіча, пазвалі сабе бацькам Сьвятаслава Ольгавіча, князя Ноўгарод-Северскага і цалавалі яму крыж на тым, каб быць у яго ў паслухмянасьці. Але Рагвалод здолеў уцячы з Менску і ў 1159 гаду пачаў сабе шукаць воласьці ў полацкіх уладаньнях. Маючы пры сабе дружыну Сьвятаслава Ольгавіча і засеўшы ў Слуцку, знасіўся з дручанамі і са сваёй партыяй у Полацку. Дручане і часьцю палачане падтрымалі яго і запрасілі ў Друцк, а княжыўшага там Глеба Расьціслававіча аграбілі і выгналі. Глеб уцёк да бацькі ў Полацак, падняў паміж палачаноў вялікі закалот; зрэшта, Расьціславу на першы раз удалося паладзіць з палачанамі, і ён з Усевалодам і Валадаром і са сваімі братамі Глебавічамі аблажыў Рагвалода ў Друцку, але, не ўзяўшы места, пагадзіўся з Рагвалодам і вярнуўся ў Полацак. Тым часам палачане не перэставалі тайна знасіцца з Рагвалодам і ўрэшце прымусілі Расьціслава ўцячы ў свой Менск, а Рагвалода прынялі ў Полацак. Умацаваўшыся ў Полацку, Рагвалод пры помачы Смаленскага князя Расьціслава Ўсеслававіча аблажыў Менск, трымаў яго ў аблозе дзесяць дзён і, не ўзяўшы места, пагадзіўся з Расьціславам. Але з Глебавічамі мір быў ня крэпкі, яны самі па сабе былі моцны, акром таго, яны мелі сільных і шчырых памочнікаў у Літвіноў, пры помачы якіх яны ізноў пачалі вайну з Рагвалодам, якая цягнулася да 1162 году і кончылася тым, што Рагвалод, разьбітый на галаву пад Гарадцом, ужо ня адважыўся вярнуцца ў Полацак, а ўцёк у Слуцак. Палачане ж выбралі сабе князям Усеслава Васількавіча, унука Сьвятаслава Ўсеслававіча, які быў зроднены са смаленскімі князямі.
Палачане, выбіраючы Ўсеслава, мелі на ўвазе атрымаць, калі будзе патрэба, чынную помач ад смаленскіх князёў: бо чэкалі нападу Глебавічоў менскіх, якія, разьбіўшы Рагвалода, маглі лёгка напасьць на Полацак пры дапамозе Літвы, — што запраўды і сталося. Спусьця пяць гадоў Валадар Глебавіч, напоўлітвін па спосабу жыцьця, у 1167 гаду напаў на Полацак, разьбіў Усеслава і саўсім бы заваладзеў Полацкам, каб не зьявіліся на падмогу смаленскія князі, каторыя