прымусілі яго ўцячы ў Менск. Гэткім чынам палачане чаго спадзеваліся ад смаленскіх князёў, тоя і атрымалі, але затоя з гэтага часу полацкія князі самі ўзалежніліся ад Смаленска і сам Полацак праз гэта ўтраціў шмат са сваіх уплываў на другія землі полацкія: часьць гэтага ўплыву сьперша перашло на Менск — сталіцу Глебавічаў, да каторых цягнула Літва, а пасьля зь Менску гэта сіла ўплывоў перайшла на Навагрудак, дзе княжыў умацаваўшыся Міндаўг. Полацак жа, памалу трацячы сваё першае значэньне незалежнага цэнтру Беларусі, у пачатку ХIII сталецьця апынуўся ў залежнасьці ад смаленскіх князёў, так што ў 1230 гаду смаленскі князь Мсьціслаў Давыдавіч, заключаючы ўмову з Рыгай, уключыў у гэту ўмову Полацак і Вітэбск. Мінскія князі, прычыніўшыся да аслабаненьня Полацка, як і другія князі з роду Рагвалода, раздрабіліся або перамерлі і іх мейсцо заступілі сьперша Міндаўгавічы са сталіцай у Навагрудку, а пасьля Гедымінавічы са сталіцай у Вільні; але і тыя і другія як праўныя, па крыві, наступнікі Рагвалодавічаў.
Мэндаговічам і Гедымінавічам тым лягчэй было каля сябе зьбіраць беларускую зямлю, што Рагвалодавічы раздрабіліся і не маглі па асобку выяўляць сабой сілу, ды сталіся інструмэнтам інтрыг паміж чарнігаўскімі і смаленскімі князямі. А смаленскія і чарнігаўскія князі, сваручы паміж сабою Рагвалодавічоў, кіраваліся загарнуць пад сябе іхнія землі. Дзеля гэтага народ пачаў глядзець на сваіх князёў зь няверай, як на прызывачоў чужацкіх сіл дзеля разграбленьня Беларускіх зямель. Усё гэта ставіло Мэндаговічоў і Гедымінавічоў, апіраўшыхся на прастарыя полацкія калоніі ў Літве, у як ня трэба лепшае палажэньне, і народ на іх стаў глядзець як на абаронцаў сваей незалежнасьці ад Рурыкавічоў. Народ тым больш быў да іх прыхільны, што, будучы па крыві тымі ж Рагвалодавічамі, яны толькі выяўлялі сабой іншую галіну тых самых князёў. У самым краю ўсё аставалася па даўнаму: мова князёў была беларуская, у меншых удзелах сядзелі Рагвалодавічы; гэтак у Полацку ў 1246 гаду быў князем Брачыслаў, брат Усеслава Васільковіча; або ў Новагрудку ў 1235 гаду княжыў Ізяслаў,