выбіраныя мейсцовай шляхтай і быўшыя прэдстаўнікамі гэтай шляхты, пазьней ішлі маршалкі паветовыя: былі такжа маршалкі ў біскупоў, у грамаце 1475 году напісана: «прысылаў да нас уладыка Смаленскі Якім, маршалка свайго Багдана Алтуфьевіча».
Маршалак паветовы павінен быў ведаць усе земскія ўладаньня павету і да яго пераходзіў суд па ўсіх зямельных справах аб межы, калі хто быў нездаволен судом падкаморскім і нават сам падкаморы павінен быў зьявіцца на суд паветовага маршалка. Пасьля маршалак павінен быў знаць усю служылую шляхту свайго павету і на выпадак вайны павінен быў вясьці яе на зборны пункт да воеводы або гэтмана. Паводле 6 артыкулу ХI раздзелу статуту 1566 году, калі выйдзе загад ад гаспадара, або ад рады, або ад гэтмана аб паходзе на вайну, то харужыі павінны апавесьціць аб гэтым мейсцовай шляхце сваей харугві і калі яна зьедзецца на азначэнае мейсцо, вясьці яе да маршалка свайго павету і, прывеўшы, перэдаць яе маршалку з падробнай справаздачай ці ўсе і ці акуратна сабраліся. Затым маршалак з харужымі павінен вясьці шляхту да воеводы на зборнае мейсцо і перадаць шляхту воеводзе са справаздачай, хто зьявіўся на службу і хто не зьявіўся і дзеля якой прычыны. І па назначэньню воеводы, або па старадаўнаму звычаю, заняць са сваей шляхтай устаноўленае мейсцо ў сабраным войску. Зрэшта, гэты абавязак лежаў на маршалках да ўстаноўленьня каштэляноў; але дзеля таго, што каштэляны былі далёка не ва ўсіх землях, то і ў пазьнейшыя часы гэта павіннасьць лежала на маршалках у тых паветах, дзе не былі заведзены каштэляны. Акром таго, маршалкі земскія, г.зн. паветовыя, заседалі ў судзе стараст. Па ўсёй праўдападобнасьці маршалкі са свайго ўраду мевалі значныя даходы, бо большая часьць паноў радных былі ў той самы час і маршалкамі тых або другіх паветаў.
Маршалак земскі па характару свайго ўраду яўляецца далейшай эволюцыей старарускага тысяцкага, як той так і другі ёсьць прэдстаўнікі земшчыны. Ураду маршалка ў усходняй Русі не было, а ў Польшчы вядомы каронны і надворны маршалкі, але саўсім невядомы маршалкі паветовыя.