ўмешываліся ў іх абавязкі па справаваньню і суду.
Земскія пісары былі выбарнымі людзьмі мейсцовага земства. У статуце 1566 году, разд. 4-ты, артыкул 1-ы, сказана: «У кождым павеце княжаты, паны рада наша, такжа рыцарства і шляхты, усе, хто бы да якога стану не прылежаў, у каторых будуць там свае маетнасьці, павінны зьехацца да двара на тое ўстаноўленага ў павеце, і выбраць са сваей шляхты таго павету брацьцю сваю на кожды ўрад: на судзьдзеў чатырох чалавек добрых, на падставе другіх чатырох на пісарства, трэціх чатырох чалавек добрых, справядлівых, руплівых і ведаючых права, са шляхэцкага роду, у тым павеце добра аселых і ня іншай веры, толькі хрысьціянскай; і выбраўшы прадставіць іх нам гаспадару са сваімі выбарнымі лістамі; а мы з тых дванадцаці асоб выбярэм трох для земскага суда, у тым павеце — судзьдзю, падсудка і пісара. Каторыя ад нас выбраныя і зацьверджаныя павінны ў першых роках судовых даць прысягу перад паветовым воеводаю, а ў небытнасьці воеводы перад каштэлянам». Арт. 8-мы: «На пісарства ня могуць быць выбраны асобы духоўныя, ні старасты, дзяржаўцы, ні цівуны таго павету, ні харужыя і ні хто такі, хто бы ў тым павеце быў урадоўцам». Арт. 10-ты: «Пісар земскі павінен мець у сабе паветовую печаць, каторай ён печатае толькі позвы на суд пад гаспадаравым тытулам; другія ж судовыя паперы павінны быць печатаны печацьцю судзьдзі або падсудка і толькі падпісаны рукой земскага пісара». Павіннасьці земскага пісара, выражаныя ў яго прысязе, былі ў тым, што на судзе ён запісываў верна, спрэчкі і прамовы старон, нічога не ўмаючы і не дадаючы, а такжа запісываў у судовыя кнігі ўсе дакумэнты, пададзеныя на суд і судовыя пастановы. Земскі пісар па праву мог мець аднаго, двох або неколькіх памочнікоў, якія называліся падпіскамі, але падпіскі былі на адпаведальнасьці самога пісара, ён павінен пільна глядзець, каб яны верна і праўдзіва без правалокі ўпісывалі ў кнігі. А калі б была зроблена падпіскам якая-небудзь ў справе праруха, то за гэта адпаведаў сам пісар і плаціў усе страты. Гэткім чынам земскі пісар па статуту 1566 г. быў выбарным прысяжным сябрам суда вясьці пісарскую часьць яе.