Старонка:Гарун Каспяровіч.pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

„Што напісаць Вам—мусіць быць—
Найлепшы лёс народ любіць,
Яго характар і звычай,
Яго багаты, пекны край“.
А. Гарун. У запісную кніжку М. К.

Летась адбылося 40 год з дня нараджэньня Алеся Гаруна, і наш друк нават маленькай газэтнай заметкай не адзначыў гэтага факту. Паміж тым, А. Гарун—адзін з найцікавейшых пісьменьнікаў нашых. Сёлета адбываецца восьмая гадавіна яго сьмерці на чужыне.

Жыцьцё А. Гаруна—няпісаная трагэдыя. Радзіўшыся з вялікім талентам і нязьмерным замілаваньнем да работніцка-сялянскае Беларусі, ён ня толькі не спаткаў спрыяючых умоваў для разьвіцьця сваіх здольнасьцяй і працы на карысьць працоўных, а наадварот— увесь свой кароткі век (27. 2. 87—28. 7. 20.) цярпеў прыгон. Соцыяльнае прыгнечаньне, з якім ён быў закліканы змагацца, ,перамагло яго і зрабіла яго жыцьцёвы шлях агульным гараваньнем. Ужываны ім псэўдонім „Алесь Гарун“ заміж сапраўднай фаміліі— Аляксандра Прушынскі—вельмі трапна сьведчыць аб гэтым.

Бацька Аляксандры—менскі чорнаработнік. Церпячы беднасьць, Алесь у 1902 г. скончыў менскую рамесьніцкую школу. Зразу-ж па сканчэньні школы ён наняўся сталяром у адну з менскіх майстэрняў, у якіх і прапрацаваў пакуль не папаў у турму, бо з 1904 да 1907 г. лічыўся актыўным працаўніком партыі сацыялістых-рэволюцыянэраў. Пасьля рэволюцыі 1905 г. А. Гарун ня здаўся і не пашоў у легалізм. Ён вёў сваю рэволюцыйную чыннасьць далей, і ў 1907 г. быў арыштаваны за друкаваньнем проклямацый у менскай падпольнай друкарні. Год з чымсь сядзеў у турме, а ў 1908 годзе быў засуджаны на катаргу, якая была заменена ссылкай. У ссылцы, у глухім кутку Сібіры, Гарун прабыў каля 10 год, і толькі рэволюцыя дала яму магчымасьць вярнуцца на Беларусь, дзе ён ужо не застаў ні бацькі, ні бязьмерна каханай ім маткі.