Старонка:Гарун Каспяровіч.pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

Будзе вольны, хто закуты,
Не адны, а з грамадою,
Разам з людзьмі, чарадою,
Пойдзем поплеч зноў у даль“...
(„З песьняў няволі“, ст. 40).

Тое, што паэта чакае закліку з неба, зьяўляецца бясспрэчнай алегорыяй, абумоўленай цэнзураю. У вершы „На сьмерць" бацькі ён пісаў:

„Казаў: „маліся“ ты. За што-ж каму маліцца?
Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца,
У неба чорнае уляпіўшысь вачмі?“.
(„На сьмерць“, ст. 46).

Гэта вера А. Гаруна ў лепшую будучыню грунтавалася на тым, што ён бачыў, што ідуць да праўды людзі, хоць на дарозе тэй і за- стаецца безьліч афяр:

„А бачу і добра сам: ідуць да праўды людзі,
Расьцець яе жаўнер і шырыцца загон“...

Калі-ж паэта пры сваім оптымістычным сьветапоглядзе і апісваў часамі жудасьці жыцьця, яго цяжкасьці і да г. п., дык са сьвядома пастаўленай сабе мэтай. Завострываньнем увагі на жудасьцях царскага ладу, на гэтым цяжкім жыцьці, Гарун хацеў выклікаць протэст прыгнечаных, буру іх, каб зьнішчыць ня жыцьцё, якое ён любіў, а тое, што душыць гэта жыцьцё.

„Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было,
I што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
I што ў мільёнах душ разоры правяло.
Прашу цябе, сьпявай аб горы песьню адну ты,
І наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй,
Тады, убачыш сам, парвуцца духа путы
I будзе ясны дзень да нас тады бліжэй“...
(„Поэту", ст. 69).

Як змаганьнік, А. Гарун ня раіць пець аб праўдзе, якая калісь будзе, ня раіць пець аб праўдзе тэй, што ў небе:

„Пакінь, пакінь сьпяваць аб праўдзе тэй, што ў небе,
Яна чужая нам, таемных праўда сіл,
Яна ня сходзіць к нам ў канечнае патрэбе,
Калі пакуты дзень так довяг і няміл“...
(„Поэту“, ст. 69).

А. Гарун бачыць сапраўднасьць, ён не зачыняе вачэй перад ёю і ў думках ня можа адарвацца ад яе. Ён ведае аб сваіх ланцугох, аб тым, што ён навек сасланы. Бачачы, як „ідуць да праўды“, верачы ў магчымасьць павароту да жыцьця, А. Гарун ведаў, што трудна дачакацца волі:

„Можа-ж быць раней загінем"...
(„З песьні няволі", ст. 41).