Старонка:Гарун Каспяровіч.pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

Зразумела, такі змаганьнік, як Гарун, ведаў, што лепшыя часы прыдуць ня цудам, а ў выніку зьнішчэньня ланцугоў уціску:

„Толькі-ж уцешся, матуля каханая,
Слуп твой патроху пачаў падгніваць,
Прыдзе к нам воля, сьвятая чаканая,
Сець ланцугоў як пачнем разрываць“.
(***, ст. 13).

Блізкую да гэтай групы адраджэнчых мотываў складаюць соцыяльныя мотывы творчасьці А. Гаруна. Гарун бачыць, як паны апанавалі працоўны народ беларускі і высмоктваюць з яго апошнія сокі. У вобразе ваўкалакаў, юдаў і ім падобных паказвае поэта ў сваёй творчасьці гэтых соцыяльных ворагаў беларускіх работнікаў і сялян. У вершы „Муляру“ ён заклікае да пабудовы новага дому, дзе павінна панаваць братэрства і воля працоўных, дзе ня будзе месца паном-павуком. Але, разам з тым, Гарун вельмі добра ведае, што самохаць паны не адракуцца ад уціску працоўных, не дадуць ім будаваць гэты дом. Для гэтага трэба сьмяртэльнае змаганьне, у якім прыдзецца ўсё ўзяць альбо ўсё згубіць. Поэту хочацца прыняць удзел у гэтым змаганьні, зноў, як калісь у Менску, клікаць работнікаў на вайну з прыгнятацелямі. Яму хочацца паляцець з Сыбіру к родным вёскам і клікнуць:

„Гэй, хто ёсьць тут? Люд галодны!
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, ў шаг паходны—
Наша гора праміне.

Досыць нам з нядолі віці
Ценкі жыцьця свайго пас,
Слухай, люд: прынёс я віці,
Хто за мною, брацьця? Час!

Ўстануць, рушаць: „Прэч з дарогі,
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы, люд убогі,
Усё узяць, ці ўсё згубіць“...
(***, ст. 44).

А. Гарун заўсёды з тымі, хто абяцаў ісьці з простым народам да яго вызваленьня:

„Хто сказаў: „і я з народам",
Хто з ім поплеч стаў, як з братам,
Хто пайшоў з ім роўным ходам,—
К роўным зыскам, к роўным стратам,—
З тым і я. Няхай-жа ліча,
Будзе трэба—хай пакліча".
(***, ст. 54).