Старонка:Гарун Каспяровіч.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

І заклятым сваім ворагам лічыць Гарун усіх тых, хто здрадзіў ідэі соцыяльнага вызваленьня працоўных:

„Хто-ж сказаў, а потым здрадзіў,
Хто пайшоў, а потым кінуў,
Хто ў душы сумленьне згладзіў,
У кім апошні сорам згінуў,—
Хай дрыжыць"...
(***, ст. 54).

Амаль роўныя групы вершаў выяўляюць асабістыя і філёзофскія мотывы творчасьці А. Гаруна. У першых поэта адлюстроўвае сваё надмерна-цяжкае жыцьцё, свой прыгон, сваю адзіноту, сваю слабасьць і свае надзеі. Як ніхто іншы, ён выяўляе моцныя пачуцьці свайго існаваньня. І на фоне ўсяго гэтага асабліва выразна вылучаюцца яго філёзофскія развагі. Зрабіўшыся шляхам самаадукацыі высока асьвечаным чалавекам, А. Гарун вялікую ўвагу аддаваў развагам аб сэнсе і мэце жыцьця. Гэта ў значнай меры адбілася ў яго творчасьці. Мэта жыцьця ў самым жыцьці, якое так любіў поэта:

„Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына“...
(*** стар. 50).

Сэнс жыцьця—у паўнаце яго, якая разумеецца як творчасьць на карысьць калектыву:

„З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес, і траву,
Крыніцы і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім".
(„Ідуць гады“, ст. 55).

Любоўная лірыка А. Гаруна дае замілаванае апісаньне любай („Мая люба“, ст. 53), зараджэньне каханьня („Дзяўчаці", ст. 82), жаданьне закаханых быць адным на ўлоньні прыроды („Асеньні сьпеў", ст. 83), пагрозу міламу („Мяцеліца", ст. 87), павярхоўнае і глыбокае каханьне („Два каханьні", ст. 88—89) і здраду („Хаўтуры", ст. 86). З боку стаіць асабістае пачуцьцё поэты, якое падпарадкавана агульнай ідэі соцыяльнага і нацыянальнага вызваленьня бацькаўшчыны, каханьню да маткі і сталаму пачуцьцю той, якая за краты паслала „люблю":

„Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож,
Ні песьці надзеі і жалю ня множ.
З табою пабрацца мне волі няма,—
Даўно заручыўся я ўжо са трыма: