Старонка:Географія Беларусі.pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

гэтых варункаў. Географічнае палажэньне Беларусі на мяжы Ўсходняе і Заходняе Эўропы ў свае часы вельмі спрыяла разьвіцьцю гандлю ў Беларусі; але яно-ж было прычынаю яе дальнейшых няшчасьцяў. На прасторах Беларусі адбывалася і да нашага часу адбываецца векавая барацьба паміж Усходам і Захадам, руйнуючы нашую гаспадарку, дэморалізуючы грамадзкае і нацыянальнае жыцьцё, не даючы магчымасьці беларусу стаць на свае ўласныя ногі.

З кожным сталецьцем, аднак, барацьба цывілізацыяў прыймае ўсё больш спакойныя формы, а межы народаў робяцца выразьнейшымі і трывалейшымі, нявыгоды-ж географічнага палажэньня зьніштажаюцца дарогаю вольных міжнародных умоваў. На даўнейшых арэнах бітваў спатыкаюцца народы для абмену культурнымі вартасьцямі. Старыя ваенныя шляхі пакрысе зарастаюць зялёнаю травою. Прыйдзе пэўне час міру і спакойнае творчае працы і для Беларусі. Калі Беларускі Народ, увабіраючы ў сябе ўплывы розных культураў і цывілізацыяў, патрапіць ператравіць і пагадзіць іх у сваей істоце, дык зробіцца ён важнейшым зьвяном у сусьветнай чарадзе народаў, вогнішчам агульналюдзкае культуры. Да гэтага вядзе ў роўнай меры і географічнае палажэньне яго краю і поўная цяжкіх дазнаньняў ягоная гісторыя.

__________