Старонка:Географія Беларусі.pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

§ 28. БЕЛАРУСЫ.

Беларусы жывуць масай па ўсім краі. Больш як 90% усіх беларусаў жывець па вёсках і дварох дый займаецца гаспадаркаю. Местачковыя беларусы займаюцца таксама найбольш гаспадаркаю, але шмат хто есьць хлеб і з майстроўкі. Ў местах беларусы займаюцца рамяством, дробным гандлем і навет гаспадаркаю. Але ня меншая частка, а ў вялікіх местах у некалькі разоў вялікшая часьць, працуе работнікамі на хвабрыках, у майстроў - рамесьнікаў і ў прыватных багацейшых людзей. Апроч таго, значная частка меставых беларусаў займаецца службаю ўва ўсякіх урадах, так званай інтэлігэнцкай працай, і ўрэшце належыць да тае клясы народу, якая жыве з капіталаў.

Ня ўсе беларусы яшчэ зразумелі хто яны і дзеля гэтага шмат хто можа і не прызнаецца, што ён беларус. Неграматны, цёмны чалавек не прызнаецца таму, што ён ня ведае, ніхто яго не навучыў; але ёсьць шмат і добра вучаных беларусоў, якія прызнаюць сябе палякамі або маскоўцамі. Гэта таму, што іхнія дзяды і прадзеды, а можа і яны самі, здрадзілі свайму народу, выракліся роднае мовы і самога імя беларускага. Дык цяпер, хоць яны і ведаюць другі раз, што яны беларусы, але ўжо ня хочуць адступаць ад свае прызвычкі, ад прызвычайнае мовы і ад чужога народу, да якога яны альбо дзяды іхныя прылучыліся. Ведама гэта толькі зьява пераходнага часу. Сьвядомасьць беларуская гэтак расьце, што за некалькі гадоў вернуцца да народу беларускага ўсе яго збаламучаныя сыны.

Пакуль што, аднак, трэба мець на ўвазе, што нацыянальныя асобнасьці выяўлены найляпей ў сялянстве; затым характарызуючы беларускую нацыянальнасьць мы будзем гаварыць перад усім аб сялянстве.

Беларуская мова і мяйсцовыя гаворкі. Азнакаю беларуса служыць яго мова. Праўда, ёсьць шмат такіх беларусоў, што на хочуць а то і ня ўмеюць гукаць пабеларуску. Гэта іхнае няшчасьце. Есьць паміж беларусаў і зусім не́мыя людзі. Іх усё-ж мы павінны лічыць беларусамі, бо іхныя бацькі, дзяды і прадзеды гукалі пабеларуску.

Беларуская мова ад Горадня і Беластоку аж да Бранску — адна мова. Адныя ў ёй словы і звароты, бо яе стварыў адзін народ, што мае сваю асобную і рэзка выдзеленую душу. Але на вялізазным прасторы Беларусі стварыліся розныя прызвычкі ў мове, розныя гаворкі і розныя вымовы. ( рыс. 51).

У паўночна-усходнім куце Беларусі ёсьць цокаючая гаворка. Тамака заместа зыку ч часта вымаўляюць ц, прыкл. рэцка (зам. рэчка), цужы (зам. чужы), цалавек (зэм. чалавек). Апроч таго тут пасьля зыку р могуць быць мягкія галосныя гукі, чаго ў беларускай мове звычайна ня бывае. Кажуць, прыкл. ряка (зам. рака), Прячыстая (зам. Прачыстая). Гэтая гаворка пашырана ў Бельскім, Парэцкім і Бяліскім паветах, а часткаю і ў суседніх.

У рэшце Смаленшчыны ды ў Чарнігаўшчыне ўжо ня цокаюць, але мягкі зык р застаецца. I тут кажуць: беряг (зам. бераг), ряка (зам. рака), апроч таго ў Смаленшчыне часамі заместа а кажуць ы: — мыладзік (зам. маладзік), зылаты (зам. залаты).