Старонка:Географія Беларусі.pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

лес. Чуць ня ўсе нашыя лясы стаяць на дворнай зямлі Шмат дворнае зямлі ляжыць пад зарасьнікамі і дзірванамі. — За тое дворныя балоты часьцей бываюць асушаны, чымся сялянскія, часамі больш іх і расьцярэблена. Больш сілы ў двара, больш капіталу.

Есьць яшчэ ў нас зямля скарбовая; яна ўся блізу ляжыць пад лясамі і няўжыткамі. Да дзяржаўнага скарбу належыць каля 2 міліёнаў дзесяцін.

Даўней (гадоў 50 назад) дворнае зямлі было шмат больш, чымся сялянскае. Дворнае было 15 міліёнаў, сялянскае 12 міліёнаў дзесяцін. Але з кожным годам і двароў і дворнае зямлі убывае, — яе раскупляюць сяляне і наагул дробныя гаспадары. На мейсцы даўнейшых двароў разсыпаліся дробныя фаліваркі, засьценкі і хутары пакупцоў.

Апошнімі часамі дворнае зямлі, трэба лічыць, было гэтулькі, прымерна, колькі сялянскае, г. зн. каля 12 міл. дзес. Рэшта даўнейшае дворнае зямлі перайшла да дробных пакупцоў.

У Беларусі перад вайною было каля 10.000 двароў і да іх належыла 40% усяго прастору зямлі Беларусі, тады як міліёны дробных гаспадароў валадалі толькі паловаю зямлі. Гэткая няроўнасьць у падзеле зямлі была прычынаю апошняе зямельнае рэволюцыі, якая скончылася ў Усходняй Беларусі пераходам значнае часткі дворнае зямлі ў карыстаньне сялянства і гэткім чынам грунтоўна зьмяніла там зямельныя адносіны. Ў Заходняй Беларусі разьвіваецца пакрысе працэс парцэляцыі дворнае зямлі, прадажы яе дробным пакупцом.

§ 32. ЗАСЕВЫ І ЎРАДЖАІ ПАЛЯВЫХ РАСЬЛІНАЎ.

Культура палявых расьлінаў, якая вядзецца на 11 міліёнах дзесяцін ворнае зямлі ёсьць асноваю экономічнага жыцьця Беларусі. Яна жывіць людзкое насяленьне нашага краю, хатнюю жывёлу, дае сыры матар'ял для пераробкі ў фабрычнай прамысловасьці. На першы плян выступаюць у нас патрэбы пражыўленьня насяленьня; беларускі земляроб перад ўсім думае аб тым, каб уласным хлебам пражывіцца да будучага ўраджаю. Гаспадарка нашая яшчэ вельмі слаба ўцягнунута ў межы ўплываў сусьветнага таваразамену і ў значнай меры ёсьць натуральнаю , г. зн. абслужуе сваімі прадуктамі самаго гаспадара і яго сям'ю, - і толькі ў малой меры прадае свае прадукты на старану.

З гэтых прычынаў найбольш сеюць у нас на полі - жыта, якое разам з бульбаю зьяўляецца галоўным спосабам пражыўленьня жыхараў Беларусі. Да таго-ж яно ня вельмі пераборлівае на зямлю, наагул якраз адпавядае нашаму мернаму і вільготнаму клімату і добра ўдаецца навет на досіць бедных грунтох . Звычайна займае жыта трэцюю частку ворнага поля ў гаспадарцы - жытнюю зьмяну. Апрача жытняе зьмяны бываюць яшчэ звычайна ў кожнай гаспадарцы яравая і папарная. У яравой зьмяне сеюць ярыну: авёс, ячмень, бульбу і г. д. У папарнай зьмяне зямлю падгатаўляюць на жыта. Цэлы год яна быццам адпачынае, яе некалькі разоў пераворуюць, скародзяць (барануюць) і ў канцы сеюць на ёй жыта. Такім чынам беларускі гаспадар, як бачым, не шкадуе працы і стратаў (год-у-год траціна зямлі гуляе, ня прыносячы даходу) - толькі каб запэуніць сабе ўраджай жыта.

Парадак гаспадаркі, калі зямля падзелена на тры зьмяны і з іх адна ёсьць