Старонка:Географія Беларусі.pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

гоняць сьпірт. Найбольшыя прасторы засаджуюць бульбаю ў паветах Рачыцкім, Суражскім, Гомельскім, Навазыбкаўскім, і асабліва ў Беласточчыне ды Горадзеншчыне.

Ў лепшых гаспадарках сеюць кармовыя буракі, на корм скаціне. Яны патрабуюць добрае гнойнае зямлі й шмат працы, але даюць вялікую карысьць.

Урэшце на паўдні дзе-ня-дзе сеюць цукровыя буракі, з якіх робяць цукар. Гэтыя буракі аднак могуць расьці таксама блізка што і па ўсёй Беларусі на лепшых глыбокіх грунтох. Даўней у нас былі й свае цукраварні напр., у Пінскім павеце, ў двары Парэччы, а навет у паўночнай Беларусі - у Лепельшчыне (Бешанковічы), ды пазакрываліся дзеля розных прычынаў.

Грэчкі найбольш сеюць на пяшчаных грунтох у паўднёвай Беларусі. На поўначы яе сеюць мала, бо яна баіцца халадоў і дзеля таго, што там наагул больш цяжкія грунты. На паўдня ад лініі Пінск - Магілёў - Рослаў грэчкі сеюць асабліва шмат. На пескавых разлогах паўднёвага Палесься іншае збожжа родзіць слаба, а грэчка ўдаецца. У Чарнігаўшчыне і сумежных з ею частках Магілёўшчыны грэчкі сеюць так многа, што яна займае часамі большую палавіну яравое зьмяны. Шмат сеюць грэчкі і ля Нёмну, ў паўночнай Горадзеншчыне, і ў Лідзкім павеце.

На поўначы Беларусі, ў Віцебшчыне й Смаленшчыне, вялікае значэньне мае лён. Для дамовага ўжытку сеюць лён усюдых, але ў вышэйпамянёных краёх сёюць лён напродаж. Сеюць яго найбольш на дзерванох і пасьля канюшыны. Лён тут ўдаецца добры і дае вялікае грашавое падтрыманьне гаспадарцы. Найбольш лёну сеюць у паўночнай Смаленшчыне (Бельскі, Дyxaўщчынcкі, Красенскі, Парэцкі, Дарагабужскі паветы). Даўней і ў Заходняй Беларусі лён займаў вялікія прасторы. З павышэньнем земляробскае культуры сталі яго сеяць менш, бо ён занадта моцна вынішчуе зямлю.

Каноплі ўва ўсёй Беларусі сеюць у гародах па якім гарцы. На паўднёвым жа ўсходзе Беларусі (Чарнігаўшчына, сумежныя з ёю часьці Магілёўшчыны й Смаленшчыны) канопляў сеюць шмат і продаюць пяньку. Пянька тут мае такое самае значэньне, як на поўначы лён. Яна прыносіць у гаспадарку вольны грош на зварот, на падаткі і на патрэбную ў гаспадарцы куплю. За тое яна так сама, як і лён, моцна вынішчуе поле. Там, дзе сеюць больш канопляў, пад іх ідзе ўвесь гной і для рэшты поля нічога не застаецца.

У паўднёвай Беларусі сеюць патроху проса, - ў Мазырскім, Рачыцкім, Гомельскім ды інш. паветах. Так сама ў паўднёвай Беларусі, асабліва ў Чарнігаўшчыне, сеюць досіць многа табакі. Тамашнія гаспадары маюць з табакі вялікую карысьць. Прыказка навет кажa, што "без табакі няма чым падаткаў плаціць". Трэба заўважыць, што якраз у беларускай Чарнігаўшчыне разводзяцца найбольш цэнныя сарты табакі (амэрыканскія, або цыгарныя).

Апрача збожжа сеюць яшчэ на полі траву: канюшыну, выку, сарадэлю, цімахвейку ды інш.; найбольш сеюць канюшыны й выкі. Шмат канюшыны й цімахвейкі сеюць у Смаленшчыне й Віцебшчыне, бо пасьля іх добра ўдаецца лён. Іншых траваў там мала знаюць. Затое на захадзе Беларусі побач з канюшынай, якой сеюць так сама багата, знаходзіцца шмат выкі (на цяжэйшых грунтох і сарадэлі (на пяскох ). З гэтых траваў выходзіць сена надта дагоднае для малочных кароў.