Старонка:Географія Беларусі.pdf/171

Гэта старонка не была вычытаная

мая сыстэма рэчак і вазёр ляжыць у лядавіковай даліне, што злучала Бярэзіну з колішнім Полацкім Лядавіковым возерам.

Бярэзінскі канал быў выкапаны у 1805 годзе. Роблены ён быў няўмела і нядбала, і затым ужо адразу пасьля адкрыцьця быў ён мала прыдатны да судаходзтва. Пасьля некаторы час у Барысаве быў гэткі нізкі мост праз Бярэзіну, што пад ім не маглі праходзіць судзіны, і з гэтае прычыны рух судзінаў па канале саўcім спыніўся; без належнага дагляду канал, рэкі і вазёры, ўваходзячыя ў яго сыстэму, зьмялчэлі, іх пазаносіла пяском, і калі ў Барысаве пабудавалі новы, вышэйшы мост, дык судаходзтва па канале не магло ўжо аднавіцца; цяпер па ім толькі сплаўляюць плыты.

Агінскі канал злучае Ясельду (прыток Прыпяці) з Шчараю. Даўжыня яго каля 50 вёрст. Ідзе канал па балоцістых прасторах Палесься і праходзіць праз два вялікіх возеры - воз. Выганошчы і воз. Вульку. Выкапаны канал яшчэ ў XVIII веку стараннем і коштам князя Агінскага, ў чэсць якога й носіць сваё імя. Цяпер служыць ён найбольш для сплаву плытоў, але перацягуюць па ім і баркі на лінах.

Каралеўскі канал (або Дняпроўска - Бужскі) злучае Піну (прыток Ясельды) з Мухаўцом (прыток Бугу). Гэта найбольшы з каналаў Беларусі. Ён мае ўдаўжкі каля 75 вёрст, а ўшыркі каля 10 саж. Пракапаны ён яшчэ у XVII веку. У 1848 годзе быў ён паглыблены. Канал гэты мае вялікае значэньне, злучаючы Дняпро з Віслаю. Па ім ідзе лясны тавар, а так сама и хлеб з Украіны ў Гданскі порт, што ляжыць пры вусьці Віслы.

Аўгустоўскі канал злучае Віслу з Нёмнам цераз р. Бабёр (прыток Нарві), ягоны прыток Нэтту і р. Чорную Ганжу (прыток Нёмна). Ідзе ён увесь час па дне даўнейшае лядавіковае даліны, па якой воды Марачанкі сьцякалі ў Бабёр, Нарву й Віслу. Рух па канале малы, бо вады ў ім мала.

Ўсе апісаныя чатыры каналы злучаюць Чорнае Мора з Балтыцкім. Даўно ўжо зьявілася думка, каб каторы з гэтых каналаў, а так сама й рэкі з ім злучаныя моцна паглыбіць і разчысьціць, ствараючы такім чынам Вялікі Балтыцка Чарнаморскі вадзяны шлях. Праектавалі для гэтае мэты выкарыстаць Бярэзінскую сыстэму, паглыбляючы Дзьвіну і Дняпро гэтак, каб па канале маглі хадзіць самыя вялікія судзіны. Калі-б гэтыя праекты зьдзейсьніліся, па нашай зямлі йзноў, як у старадаўныя часы прайшоў бы вялікі вадзяны шлях, злучаючы Ўсход Эўропы з яе Захадам. Пэўне, што на гэтым шмат-бы выйгралі ўзьбярэжныя месты і ўся Беларусь.

__________

Чыгункі. Агульная даўжыня ўсіх чыгунак Беларусі каля 7 тыс. вёрст. Прымаючы над увагу вялізарны прастор Беларусі, трэба прызнаць нашую сетку чыгунак рэдкаю. Тады як у Нямеччыне на 100 кв. вёрст прастору выпадае 12 вёрст чыгункавае лініі, ў Беларусі толькі 2 вярсты. Затым жа ў нас, асабліва на ўсходзе, ёсьць шмат мясьцінаў, якія ляжаць ад найбліжэйшае станцыі за 50 - 60, а то й 80 вёрст. Найгусьцей чыгункі ляжаць на захадзе Беларусі, ў Горадзеншчыне, дзе яны будаваліся дзеля ваенных мэтаў, бо там недалёка праходзіў расейска - нямецкі рубеж. Найменш чыгунак у Магілёўшчыне, Палесьсі і Смаленшчыне.