Старонка:Географія Беларусі.pdf/188

Гэта старонка была вычытаная

зывалася «Краснаю»; яна была каменная. Ў Верхнім Замку знаходзіўся сабор Сьв. Софіі (пабудаваны ў XII в., рыс. 95) ды княжыя палацы. Ніжні Замак стаяў на ніжэйшым угорку і быу аддзелены ад Верхняга шырокім ровам.

Грозныя й моцныя былі Полацкія замкі і славіліся сваёю няпрыступнасьцяю. З павышэньнем ваеннае тэхнікі яны некалькі разоў адпаведна перарабляліся. «Ад Усяслава да Баторыя замкі гэтыя, піша Кіркор, былі галоўнаю цьвярдыняю ўва ўсёй старане; з імі зьвязана гісторыя не аднаго Полацку, але і ўсяго сямехвяковага дзяржаўнага жыцьця Беларусі, прадстаўніком якога заўсёды быў Полацак». На правым беразе Полаты ў XVI веку была раскінута ганллёвая частка места — Запалоцьце; яно расьцягнулася на некалькі вёрст уздоўж Полаты і даходзіла аж да Спаскага Манастыру, пабудаванага ў XII веку Сьв. Еўфрасіньняю, княжнай Полацкаю, унучкаю слаўнага князя Усяслава. У нашыя часы места разбудавалася найбольш на ўсход ад замкаў.

Полацку шмат давялося перацярпець за свой даўгі век. Усе ўдары, якія былі скіраваны на Беларусь, перад усім валіліся на Полацак. Ня раз зьніштажалі яго пажары, ня раз пусьцеў ён ад чумы, ды халеры, ад голаду, а найгорш яму даводзілася ў часы маскоўскіх нападаў. Тады разам ішлі ўсе гэныя беды і да іх яшчэ дадаваліся няміласэрныя звычаі вайны. Для прыкладу Досіць сказаць, што ў Полацку Іван Грозны узяўшы Полацак у 1563 г. загадаў утапіць у Дзьвіне ўсіх да аднаго жыўшых у месьце жыдоў з іхнімі сем’ямі. А Пётра I, толькі спыніўшыся там на некалькі дзён, павесіў шмат манахаў-базыліянаў. У канцы Полацак гэтак змалеў, што у 1780 годзе ў ім заставалася ўсяго каля 1000 жыхараў.

Рыс. 95. Сабор Сьв. Софіі у Полацку

Пасьля Полацак пачаў пакрысе аджываць. У 1812 годзе там на мейсцы даўнейшага езуіцкага калегіуму была адкрытая езуітамі-ж вышэйшая школа акадэмія.

Складалася яна з трох факультэтаў: 1) лінгвістычнага, на якім выкладалася 7 моваў і літэратураў: расейская, польская, француская, нямецкая, лацінская, грэцкая і жыдоўская; 2) вольных навукаў — філёзофіі, поэзіі, рэторыкі, этыкі, лёгікі, мэтафізыкі, фізыкі агульнае, спэцыяльнае і экспэрымэнтальнае, хіміі, матэматыкі чыстае і прыкладнае, архітэктуры, права і гісторыі і 3) тэолёгічнага. Ў Акадэміі было каля 600 студэнтаў усіх станаў і рэлігіяў і каля 40 прафэсараў. Былі пры акадэміі багатая бібліатэка, цэнны музэй і дужа добрыя навукавыя габінэты, з паміж якіх асабліва вызначаліся фізычны і мэханічны, дый хімічная лябораторыя. ўсе гэтыя падрабязгі цікавыя тым, што характарызуюць высачыню тагдышняе культуры у месьце і краі, якое і цяпер праз 100 гадоў мы яшчэ ня можам дагнаць.