Старонка:Географія Беларусі.pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

Полацкая Акадэмія істнавала 8 гадоў. У 1820 годзе расейскі ўрад яе закрыў, а маетнасьць вывез з Полацку ў Расею. Шмат дарагіх і рэдкіх кніг і рэчаў пры гэтым згінула. Бібліатэка перавезена была ў Пецярбург і Маскву, фізычны й іншыя габінэты адпраўлены ў Пецярбург, друкарня, істнаваўшая пры Акадэміі, ў Кіеў, у вялізарных-жа будынках Акадэміі адкрылі ваенную школу, якая там зьмяшчалася і да апошняга часу.

Пасьля разгрому Акадэміі Полацак зрабіўся самым звычайным ціхім і нязначным паветавым местам, якім і застаецца дагэтуль. Жыхараў у ім каля 30 тыс. чал., хвабрык і заводаў вялікіх няма. На Дзьвіне ёсьць досіць значная прыстань. Будуюць тут шмат лайбаў ды іншых судзінаў.

У апошнія дзесяцілецьці Полацак пачаў ізноў аджываць і досіць шыбка расьці дзякуючы правядзеньню праз яго чыгунак.

Цяпер з Полацку чыгункі разыходзяцца ў 5х кірункак і трэба спадзявацца, што ў гэтым адвечным месьце хутка йзноў абудзіцца экономічнае і грамадзкае жыцьцё.

Старасьвеччыны засталося ў Полацку мала. Ад замкаў засталіся толькі равы, якія іх абкружвалі ды сабор Сьв. Софіі, якога праўда перабудавалі ў XVIII веку. Гэта аб гэтым саборы гаворыцца ў "Слове аб полку Ігараве", яго званы чуў князь Усяслаў, седзячы ў далёкім Кіеве... Да найцікавейшых будынкаў у Полацку - належыць старасьвецкая царква Хрыста - Спаса ў Спаскім манастыру, пабудаваная ў XII веку і саўсім блізка не пераробляная пазьней (рыс. 96).

Харошыя й любыя, а разам з тым балючыя ўспаміны абуджае Полацак у сэрцы беларускім. Места гордае Рагнеды, якая не хацела разуць нагі кіеўскаму князю, места Усяслава Чарадзея, найслаўнtйшага з князёў беларускіх, места вялікае багамоліцы і кніжніцы сьв. Еўфрасіньні ды слаўнага вучонага Францішка Скарыны - заснула на

Рыс. 96. Царква Хрыста-Спаса у Полацку (XII в.).

даўгія вякі. Ня зьбіраецца шумнае веча, ня плывуць чаўны беларускіх купцоў полацкіх у варажскае мора; ды й купцоў беларускіх у Полацку ўжо даўно няма. А званоў Сьв. Софіі даўно ўжо ніхто ня чуў, ня то што ў Кіеве, а навет куды бліжэй - па местах і вёсках беларускіх.

Як заціх і замёр Полацак, так заціхла і замёрла жыцьцё на ўсёй Беларусі. Калі-ж яно адродзіцца і Беларусь стане на свае ногі, пэўне, зусім іначай будзе выглядаць і Полацак.

Полацкі павет ляжыць блізка ўвесь на правым беразе Дзьвіны. Грунты яго найбольш неўраджайныя. Ў павеце шмат лясоў і балотаў, а насяленьне рэдкае. На поўначы Полацкага пав. між вазёр над р. Дрысаю паказуюць легендарную гару Рагнеды, на якой быццам быў забіты каменным молатам князь Рагвалод, а пасьля пахавана Рагнеда.