Старонка:Географія Беларусі.pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

вялікая вадзяная дарога заставцца саўсім мала выкарыстанаю; толькі вясною па ей гоняць шмат плытоў.

Клімат у Віленшчыне цёплы, вільготны і наагул мяккі, дзякуючы блізкасьці мора, асабліва-ж, на заходніх спадах узгор'яў, найбольш адкрытых з боку мора. Гэтак у Вільні сяр. гадавая тэмпэратура + 6,5°, а ападкаў бывае звычайна 600 міллім.; у ўсходніх частках Віленшчыны клімат робіцца ўжо крыху сушэйшым і сьцюдзянейшым.

Грунты ў Віленшчыне найбольш супяшчаныя і сугліністыя, часта моцна камяністыя. Суглінкі пакрываюць спады узгор'яў, а супяскі ляжаць у больш паніжаных раўнінных мяйсцовасьцях, найбольш уздоўж верхняга цячэньня Вяльлі. На паўдні Ашмянскага павету, ў басэйне Бярэзіны і іншых правых прытокаў Нёмна, якія разам ствараюць цэлую сетку рэчак, ляжаць на вялікім прасторы пяшчаныя грунты, занітыя хваёвымі барамі аднае з найбольшых беларускіх пушчаў - Налібоцкае. Бары гэныя бліжэй да Нёмна зьмяняюцца досіць вялікімі балотамі і сенажацямі. Значныя лясныя і балотныя прасторы знаходзяцца і ў Вялейскім павеце, паміж Вялейкаю ды Маладэчынам (бал. Чысьці) ды на поўначы павету (Габскія бал.). Апрача таго, на паўдня ад Вільні, як раз ля мяжы Беларусі з Літвою, ляжыць Рудніцкая пушча, над р. Марачанкаю. Тут так сама пяшчаны грунт і хваёвыя бары, але побач з імі багатыя мяшаныя лясы з дубамі, клянамі, грабам і вязам; сустракаецца тут яшчэ й некалькі вазёраў.

Дзякуючы сваёй лясістасьці, ды невялікай ураджайнасьці грунтоў, вясковая Віленшчына заселена крыху радзей, чым суседнія краі - Полаччына, Менская краіна, Горадзеншчына. За тое тут шмат меставага насяленьня, дзякуючы прысутнасьці вялікага места Вільні і масы мястэчак. Вялічыня вёсак тут з большага такая самая, як і ў Полаччыне (каля 50 чалавек у вёсцы) і так сама на захадзе крыху меншыя вёскі, на ўсходзе - большыя. Вясковае насяленьне займаецца гаспадаркаю і толькі ў лясістых частках Ашмянскага і Вялейскага пав. маюць значэньне лясныя заробкі; шмат хто заняты рыбалоўствам; у вазёрах і рэках тут часамі спатыкаецца цэнная рыба - сялява, фэрэль і г. д. Хатнія рамёслы разьвітыя слаба, навет ткацтва. Насяленьне на захадзe краіны носіць ужо найбольш крамную вопратку, ўжываючы саматканы толькі да работы. За тое ў больш лясістых мяйсцовасьцях на ўсходзе, асабліва ў Налібоцкай пушчы, хатнія рамёслы значна пашыраныя.

На полі сеюць жыта, а з ярыны найбольш аўса, ячменю і бульбы. Грэчкі сеюць вельмі мала. На лепшых грунтох спатыкаецца пшаніца. Гаспадарка стаіць досіць высака, асабліва ў дварох. Часьцей, чым дзе, можна сустрэць тут заводзкую карову, каня, садок ля хаты, лубін на пяскох.

Нізкая ўраджайнасьць грунтоў краіны тлумачацца між іншым няхватам сенажацяў, дзеля чаго гаспадары трымаюць мала скаціны, ня могуць належна гнаіць зямлю, якая, дзякуючы сваей беднасьці, гэтага гнаеньня асабліва патрабуе.

Ня гледзячы на невялікую ўраджайнасьць грунтоў вясковай Віленшчыне саўсім хватае свайго хлеба; можа яна навет у значнай меры пры невялікім падвозе прахарчаваць і сталіцу ўсяго краю-Вільню.

Выгоднае географічнае палажэньне і багацьце шляхоў стварылі ў