Старонка:Географія Беларусі.pdf/197

Гэта старонка не была вычытаная

моцна павялічыла тут сілу і значэньне беларускага элементу і адсунула ліцьвіноў далей на захад. Побач з коленізацыяй павялічэньне беларускага насяленьня адбывалася яшчэ і іншым спосабам. Ліцьвіны, прыймаючы культуру беларускую, як вышэйшую і пануючую ў дзяржаве, пакрысе пераймалі і мову і звычаі беларускія, зьмешаваліся з чыстым беларускім насяленьнем і праз некалькі вякоў там, дзе былі ўперад скрозь жылі ліцьвіны, пазаставаліся толькі невялічкія іх астраўкі. Адзін з найцікавейшых такіх астраўкоў ляжыць вёрст 40 на ўсход ад Вільні (Гярвяцкая парахвія) і перахаваўся да нашага часу. У рэзультаце абодвых успомненых процэсаў беларускае насяленьне акружыла Вільню, зрабіла яе беларускім местам і пашырылася значна далей на захад. Пасьля Люблінскае Вуніі, калі і беларуская і літоўская шляхта пачалі польшчыцца, беларускі напор на захад аслабеў; ня згас ён, аднак, і да апошняга часу, бо хіба толькі ў цяперашнім веку, пад уплывам разьвіцьця літоўскае нацыянальнае сьведамасьці спыніўся пераход ліцьвіноў на беларускую мову. Але з другога боку сярод нядаўна зьбеларушчаных ліцьвіноў стала асабліва моцна пашырацца польская мова, і ў нашыя часы на этнографічнай мяжы паміж ліцьвінамі і беларусамі можна сустрэнуць шмат людзей, ужываючых галоўным чынам польскае мовы і прызнаючых сябе палякамі. Ці застануцца яны і назаўсёды палякамі, ці можа вернуцца да свае даўнейшае, літоўскае мовы, ці мо да беларускае - цяпер угадаць трудна. У кожным разе на беларуска - літоўскім узьмежжы нацыянальныя процэсы яшчэ і дагэтуль не закончыліся і гэта ёсьць важнейшай прычынаю сучасных палітычных спрэчак з-за Віленшчыны.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

ВІЛЬНЯ (рыс. 100) - культурны і эканамічны цэнтр усяе Беларусі і Літвы, сталіца вялікіх князёў літоўска-беларускіх, найбольшае места на ўсім прасторы Беларусі. Ляжыць Вільня ў катліне акружанай з усіх бакоў гарамі. З захаду і паўдня, ідуць Панарскія горы, а з усходу, ля самае Вільні, высяцца пяшчаныя горы — Замковая, Трохкрыжавая і Бякешовая. З поўначы катліну замыкае ўзгор‘е Шашкіні. Пасярод катліны цячэ Вяльля і тут у яе, у падножжа Замкавае гары, ўпадае Вялейка. Вільня пабудавана на левым беразе Вяльлі, пры ўтоку Вялейкі. (гл. плян рыс. 101).

Хаця лягенда прыпісуе залажэньне Вільні Гэдыміну і адносіць яго да пачатку XVI веку, аднак можна з пэўнасьцю сказаць, што Вільня куды старэйшая. Хто і калі яе залажыў, навет які народ — нямаведама. У летапісі першая вестка аб тым, што віленцы выбралі сабе за князя аднаго з беларускіх полацкіх князёў