Старонка:Географія Беларусі.pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

Рыс. 108. Узгорак пры вусьці Нямігі, на якім стаяу Менскі Замак. Спэц. рыс. Я. Драздовіча.

Даўней, аднак, Сьвіслач была куды большаю і глыбейшаю. Ня толькі па ёй, але і па яе прытоках вышэй Менску хадзілі вялікія судзіны з усялякімі таварамі. А недалёка на захад ад Менску праходзіць вялікі вададзел, пачынаюцца значныя прытокі Нёмна і Вяльлі, па якіх з самых даўніх часоў падыймаліся чаўны эўропэйскіх гандляроў. Хочучы трапіць у вадазборнік Дняпра, каб плысьці на ўсход, або на паўдня, яны перацягавалі тут свае чаўны ў Сьвіслач, або ў які іншы прыток Бярэзіны ці Прыпяці. Праз мяйсцовасьць, дзе цяпер стаіць Менск, праходзілі волакі. Тут сустракаліся тавары з захаду, што плылі Вяльлёю й Нёмнам, з усходнімі ды паўднёвымі таварамі, прывезенымі па Сьвіслачы, Бярэзіне і г.д. Саўсім натуральна, што тут ужо ў самай далёкай мінуўшчыне пасяліліся людзі, вырасла места (местам у нас і да гэтае пары называюць гандлёвы пляц), у якім пачаўся бойкі гандаль — мена. Мусіць, ад гэтага пайшоў і самы назоў места — Менск.

Такая, мусіць, была прычына залажэньня Менску і такі характар меў ён і яго жыцьцё ў тыя далёкія часы, аб якіх нічога ня ведае гісторыя. У летапісах першы раз успамінаецца аб ім у ХІ в. (ад 1066 году). Тады ён ужо істнаваў і меў важнае значэньне як гандлёвы, а можа, і палітычны пункт. Належыў ён тады да Полацку, і вось кіеўскія князі, асабліва Ўладзімір Монамах, вядучы заядлую барацьбу з Полацкам, заўсёды вялікую ўвагу зьвяртаюць на Менск і шмат разоў нападаюць на яго, З-за валаданьня Менскам адбываліся цяжкія крывавыя бітвы, што сваёю няміласэрнасьцяю задзівілі навет аўтара «Слова аб полку Ігаравым», які піша:

На Нямізе сьцелюць галовы, бы снапы,
А малоцяць булатнымі цапамі: