Старонка:Географія Беларусі.pdf/213

Гэта старонка не была вычытаная

Кладуць жыцьцё на таку, ды веюць душу ад цела.
Не дабром засеяны крывавыя берагі Нямігі, -
Яны засеяны касьцямі руськіх сыноў.

«Крывавыя берагі Нямігі» знаходзяцца якраз у самым цэнтры Менску, дзе гэтая невялічкая цяпер рэчка ўпадае ў Сьвіслач.

Ужо тая заўзятасьць, з якою кіеўскія князі дабіваюцца сабе панаваньня над Менскам, выяўляе яго немалое ў тыя часы значэньне. У пачатку ХII веку робіцца ён сталіцаю вудзельнага князьства, якое досіць рана трапляе пад уплывы вырастаючаго ў блізкім суседзтве, у Наваградку, а пасьля ў Вільні, Вялікага Князьства Літоўскага. Пасьля скасаваньня вудзелаў пры Вітаўце Менск робіцца ваяводзкім местам, бадай ці не найважнейшым пасьля Вільні ўва ўсім Вялікім Князьстве. У тыя часы, - ў ХV і ХVI вякох, шырака разьвіваецца менскі гандаль, расьце і багацее места, якое атрымала шырокае самаўрадаваньне паводле Магдэбурскага права.

На пачатках гісторыі, калі сухаземных гандлёвых шляхоў было дужа мала, калі для іх правядзеньня трэба было скрозь валіць векавую пушчу, асаблівае значэньне мелі вадзяныя шляхі, а значыць, высоўваліся наўперад найбольш месты, стаячыя надвялікімі рэкамі. У пазьнейшыя часы, з ростам насяленьня й яго культуры, побач з вадзянымі сталі сухаземныя шляхі. Палажэньне Менску на сухім, значна расьцярэбленым вададзеле, што градою цягнецца ў кірунку Масквы, гэтак выгодным для правядзеньня гасьцінцаў, зрабіла гэтае места зборным пунктам для падарожжа ў Маскву. Дарогі на Маскву з Польшчы, Літвы, з Вільні і навет з заходняе Украіны зыходзіліся ў ІМеенску і адгэтуль ужо шырокім гасьцінцам праз Лагойск, Барысаў і Воршу йшлі разам у Маскву. Сюдою йшлі войскі ў маскоўскія паходы, што, праўда, часамі было для места і шкодна, але гэтымі-ж шляхамі карыстаўся й гандаль. Менск зрабіўся гандлёвым пасярэднікам паміж Масквою і ўсім Захадам, асабліва-ж паміж Масквою й Вільняю. Маскоўскія купцы мелі тут вялікія склады. Славіўся Менск і сваім гандлем з ганзейскімі местамі. Вывозіў ён заграніцу шмат сваіх тавараў, найбольш воску, мёду, смалыі скураў. Экономічнаму разьвіцьцю Менску спрыяла тады, мусіць і яго палажэньне ў зацішнейшым, чым, прыкл., Полацак, ад вайны мейсцы, Ваенныя падзеі адбіваліся на Менску далёка ня так балесна, як на ўсходніх местах Беларусі: ляжаў ён у глыбіні краю, абшырнае Палесьсе бараніла яго ад татарскіх нападаў ды ад казацкіх войнаў.

Усё-ж у часы ўпадку Рэчы Паспалітае нялёгка даводзілася Менску, асабліва ў швэдзкую вайну: пажары й пошасьці моцна затрымлівалі яго разьвіцьцё, як і іншых беларускіх местаў. Аднак і гэтыя часы пакінулі па сабе не адны толькі благія ўспаміны. У ХVII і ХVIII вякох Менск, які ўперад быў чыста дзераўляным местам, узбагаціўся цэлым радам вялікіх камяніцаў, якіх асабліва тады будавалі каталіцкія манастыры. Пры манастырох-жа паадкрываліся школыі друкарні з другога боку, закіпела культурная і нацыянальная дзейнасьць праваслаўных брацтваў. Ня гледзячы на войны і спусташэньні, йшла творчая культурная работа, пакінуўшая глыбокія сьляды ў гісторыі і жыцьці.