Старонка:Географія Беларусі.pdf/215

Гэта старонка не была вычытаная

зраўнаваць з зямлёю ўсё, што толькі прыпамінала аб мінуўшчыне Менску, аб яго самабытнасьці, не шкадуючы навет і праваслаўных цэркваў. Так, над Нямігаю, недалёка ад старога Менскага замку, у пачатку ХVII в., у часе змаганьняў за веру была пабудавана беларускім баярствам Петра-Паўлаўская царква на знак таго, што яно ніколі ня вырачацца свае веры і народнасьці. І хаця патомкі закладчыкаў гэтага абяцаньня не датрымалі, аднак-жа царква, пабудаваная ў старым прыгожым стылю, прыпамінала сьвету аб іх здрадзе. Маскоўцы заместа таго, каб шанаваць гэтую, чыста ўжо праваслаўную і навет прыхільную для іх традыцыю, пастараліся яе саўсім згладзіць. Па загаду імпэратрыцы Кацярыны ІІ царква была названа Кацярынінскаю, а пасьля яе перарабілі гэтак, што ад старое архітэктуры не засталося й сьледу. На прыложаным рысунку (рыс. 110) відна гэтая царква яшчэ ў сваім даўнейшым відзе, якраз у той час, калі ўжо было пастаўлена рыштаваньне для яе пераробкі, Гэтаксама былі зруйнаваны або перароблены на маскоўскі лад у ХІХ в. амаль ня ўсе старыя будынкі — замак, ратуша, шмат манастыроў, касьцёлаў і цэркваў.

Ад старасьветчыны ў Менску пры яго тысячагадовай гісторыі засталося гэтак мала памятак, што іх і адшукаць бывае нялёгка. Новы Менск, гандлёвы й прамысловы, схаваў пад сваімі кварталамі валы старога Менскага замку, гістарычную Нямігу пакрыў на ўсім яе працягу дзераўляным мастом, па якім праведзена вуліца, і пашырыў свае межы далёка ўва ўсе бакі, асабліва-ж каля вагзалаў. Зьніштажэньню старасьветчыны дапамагала яшчэ й тое, што будынкі старога Менску, навет у замку, былі найбольш дзераўляныя і пры кожным пажары гінулі масамі.