Старонка:Географія Беларусі.pdf/221

Гэта старонка была вычытаная

гандлёвае і прамысловае мястэчка Ракаў, з 3500 чал. жыхараў. У мястэчку шмат рамесьнікаў, што вырабляюць машыны для гаспадаркі — сячкарні, арфы ды інш, якія разыходзяцца па ўсёй Беларусі і навет за яе межы. Апроч таго ёсьць тут шмат ганчароў. На захад ад Ракава ёсьць м. Івянец, якога жыхары займаюцца ганчаркаю і вырабам кахляў. Недалёку Івенца знаходзіцца маленькі фаліварачак Люцынка, ў якім Беларускі паэта В. Дунін-Марцінкевіч.

На паўднёвы захад ад Менску, пры чыгунцы, ляжыць у ўраджайнай мяйсцовасьці, досіць вялікае і багатае мястэчка Койданава. Пад ім у XIII веку дзьвяма ўдачнымі бітвамі Скірмунту і Мендоўгу ўдалося спыніць татараў і адбараніць Беларусь ад татарскае няволі. Ад XVI веку Койданава было адным з цэнтраў беларускага кальвінізму; памяткай гэтае яго ролі застаўся старасьвецкі кальвінскі збор, абкружаны валам. Над Нёмнам, пры самай чыгунцы, ляжыць значнае мяст. Стоўбцы з важнаю прыстаняю. Недалека ад Стаўбцоў Нёман становіцца судаходным. Асабліва разраслася была Стаўпецкая прыстань у часе Крымскае вайны, калі для расейскага гандлю было замкненае Чорнае Мора. Пасьля гэтае вайны рух у мястэчку ізноў зьменшыўся. У мястэчку ёсьць хвабрыка сярнічак; рамесьнікі займаюцца, будоўляю чаўноў і паленьнем вапны. Недалека ад Стаўбцоў у в. Міколаяўшчыне радзіўся вядомы сучасны беларускі паэта Якуб Колас.

На паўдні і захадзе Менскага пав. каля Стаўбцоў, Івенца грунты лёгкія, бедныя; рэшта павету ляжыць на цяжкіх гляістых грунтох, на якіх добра родзіць збожжа; лясоў тут мала. Толькі на ўсход ад Менску грунты робяцца бяднейшымі і мяйсцовасьць лясістаю.

Слуцак — найзначнейшае места ў зямлі дрыгвічоў, адзін са старэйшых беларускіх гарадоў, перех аваўшы да таго-ж шмат памятак мінуўшчыны. Ляжыць ён на шляху — сухаземным і вадзяным з Менску і Вільні — на Ўкраіну (Валынь), і за сваю гісторыю няраз вытрымліваў напады татараў і маскоўцаў. Даўгі час Слуцак быў сталіцаю вудзельнага князьства. Князі Слуцкія (Олельковічы, патомкі Гедыміна) адзначаліся сваім спагадам да навукі і мастацтва. У пачатках XVI в. праславілася сваім героізмам княгіня Слуцкая Анастазія, удава аднаго з Олельковічаў. Яна некалькі разоў на чале Случчан адбівала напады вялікіх татарскіх ды маскоўскіх войскаў. У XVII в. Слуцак перайшоў да магутнага роду Радзівілаў і пад іхняю апекаю закрасаваў яшчэ больш, чым уперад. Радзівілы спагадалі, як ведама, кальвінізму, і па ўсёй Случчыне пазакладалі кальвінскія школы і зборы. У Слуцку ў XVII в. залажылася кальвінская гімназія, якая ператрывала ўсю езуіцкую рэакцыю. Старасьвецкі Слуцак быў багатым прамыловым местам; тут у XVII в. пасялілася шмат Шкотляндцаў, якія ўцяклі з свае бацькаўшчыны ад рэлігійных прасьледаваньняў. Дзякуючы ім разьвілася ў Слуцку прамысловасьць і гандадь; пазьней у ім працавала хвабрыка шоўкавых паясоў, вядомых з свайго хараства і далікатнасьці па ўсёй Эўропе (Слуцкія паясы).

У Слуцку ёсьць некалькі старых цэркваў і касьцёл, а так сама Траецкі манастыр, у якім перахована шмат беларускае старасьветчыны; перахавалася так сама некалькі вялікіх замчышчаў і курганоў.

Цяпер Слуцак мае каля 18 тыс. насяленьня. Да апошніх часоў гэта было ціхое места. Значная частка яго жыхараў займаецца гаспадаркаю. Асабліва