Старонка:Географія Беларусі.pdf/222

Гэта старонка не была вычытаная

славіцца Слуцак сваймі гародамі і садамі. З Слуцкіх садоў выйшаў вядомы сорт ігруш - Слуцкія Бэры. Нядаўна ў Слуцак праведзена чыгунка і места значна аджыло.

Капыль - старасьвецкое места, цяпер невялічкае мястэчка з 4 тыс. жыхараў, якія, апроч гаспадаркі, займаюцца ткацтвам. Даўней гэтае рамяство стаяла тут шмат вышэй і больш было пашыранае.

Нясьвіж (рыс. 115) - старое места, заложанае крывічамі. З даўных часоў тут зьмяшчаецца рэзідэнцыя Радзівілаў. Места ляжыць між двох вазёраў, а на другім баку вазёраў высіцца вялізны і стары (XVI в.) замак Радзівілаў.

Рыс. 115. Нясьвіж.

Замак гэты быў сьведкаю жыцьця нашае найбуйнейшае арыстакратыі ў часы яе найбольшае вагі. Даўней у замку зьмяшчаліся неапісанае вартасьці музэальныя колекцыі - галерыі абразоў, архівы, бібліатэкі. Самыя важныя дакумэнты з беларускае гісторыі перахоўваліся ў Радзівілаў, якім гэта было даручана каралём Жыгімонтам - Аўгустам. Нясьвіжскі замак быў адным з галоўных культурных цэнтраў Беларусі ў той час, калі беларуская культура магла йсьці побач замежнаю заходня - эўропэйскаю. Ў XVI в. Нясьвіж быў цэнтрам беларускае рэформацыі; істнавала тут адна з старэйшых у краі друкарняў, дзе кальвіністы друкавалі сваю літэратуру. Пазьней тут было пабудавана некалькі манастыроў і школ.

З старасьветчыны Нясьвіжскае засталося мала; самае каштоўнае вывезена ў Петраград, Бэрлін і нямаведама куды. Нясьвіж, маючы каля 10 тыс. насяленьня, належыць і цяпер да культурнейшых местаў Беларусі. Шмат камяніцаў, брукаваных вуліц, некалькі сярэдніх школаў, між імі - старая вучыцельская сэмінарыя, ўрэшце шмат прыватных таварыстваў, якія вядуць шырокую культурную працу.