Старонка:Географія Беларусі.pdf/229

Гэта старонка не была вычытаная

цяпер аб іх забыліся.

Ніжэй Барысава ёсьць на Бярэзіне прыстань Чарняўка і пры ей невялікае, але прамысловае мястэчка, вядомае з сваіх ганчарскіх вырабаў. Недалёка ад яго ёсьць зялезныя хвабрыкі Радзівіла, якія працавалі на балотнай рудзе. Цяпер яны нячынныя.

На поўначы Барысаўскага пав., на мяжы яго з Дзісьненскім, знаходзіцца невялікі, глухі гарадок Докшыцы, з 5 тыс. жыхараў.

Барысаўскі павет р. Бярэзінаю дзеліцца на дзьве розныя чacьці. На захад ад Бярэзіны - Менскае ўзгор'е , грунты супяшчаныя і, хаця лясоў шмат, але ўсё-ж менш, чым у ўсходняй часьці, дзе цягнуцца, асабліва ўздоўж вярхоўяў Бярэзіны, аграмадныя пушчы, на пяшчаных грунтох. Праўда й на ўсход ад Бярэзіны падыймаюцца (каля Халопеніч) канцы Дняпроўскага ўзгор'я, але яно тут займае нязначны куток. Даўней Барысаўскі пав. лічыўся адным з найбагацейшых у Беларусі.

Ігуменьскі павет ляжыць шырокім паясом, працягнутым ад Нёмна аж за Бярэзіну. Прырода яго на гэтым вялікім прасторы няроўная. Паўночна - заходняя часьць ля жыць на ўраджайнай зямлі, лясоў мае мала, а насяленьне густое. Паўднёвая часьць, над Птычом, ляжыць найбольш на пяскох і пакрытая хваёвымі барамі і чаротавымі балотамі, - такімі самымі, як і ў суседняй Палескай нізіне. Рэшта павету ляжыць на пяшчаных і супяшчаных грунтох, мае шмат лясоў, хвойных і ліставых.

Хвабрычная прамысловасьць у павеце, апрача бравароў і пільняў, разьвіта слаба. Даўней, аднак, было тут некалькі суконных хвабрыкаў - у Раванічах, Сьмілавічах і Бярэзыні.

З мястэчак, апроч паветавага места Ігуменя (з 5 тыс. жыхараў), які ляжыць у глухой мяйсцовасьці, сярод аграмадных лясоў і мае вельмі малое экономічнае значэньне, трэба сказаць аб мястэчку Бярэзыні. Ляжыць яно над р. Бярэзінаю, ў цэнтры аграмаднага палескага району. Мае параходную прыстань і вядзе значны гандаль дрзвам і смалою. У ваколіцах ёсьць вапельні. Люднасьці каля 4 тыс. чал.

У заходняй часьці павету ляжыць рад дробных мястэчак, як Вузда, Дукора, Пухавічы, Пясочнае і г. д. Кожнае з іх мае сваю, часта вельмі цікавую, гістарычную мінуўшчыну, а цяпер зьяўляецца гандлёвым пунктам. Спаміж іх выдзяляюцца Сьмілавічы - невялікае, але прамысловае і гандлёвае мястэчка, што ляжыць за 5 міль ад Менску. Тут ёсьць некалькі гарбарняў, дзе найбольш працуюць татары, якіх у мястэчку шмат.

Сярод Ігуменьскіх і Барысаўскіх пушчаў шмат захавалася рэлігійных лягендаў аб асобных мяйсцовасьцях, зьвязаных найбольш з абразамі Багародзіцы. Ў такія мейсцы, гэтак званыя прошчы, ў пэўныя дні, найбольш у маладзіковыя нядзелі, зьбіраюцца багамольцы з усяё ваколіцы, а часта і здалёку. З такіх прошчаў выдзяляецца Мар'іна Горка, - на паўдня ад Ігуменя. Была тут даўней мусіць паганская сьвятыня. Лягенда кажа, што нехта ахвяраваўся пабудаваць капліцу, пабачыўшы ў сьне Матку Божую і, выздаравеўшы, пабудаваў. У гэтай капліцы аказаўся цудоўны вобраз, які не гарэў пры пажарах і шмат каго ўздараўляў. З часам гэты вобраз стаў далека вядомы. Кожную маладзіковую нядзелю атпраўляецца тут служба Божая.