Старонка:Географія Беларусі.pdf/231

Гэта старонка не была вычытаная

Клімат Наднёманскае краіны цяплейшы й мягчэйшы, чымся ўсіх папярэдніх, што зусім зразумела. Наднёманская краіна моцна пасунута на паўдня й захад, калі прыраўнаваць яе навет да Менскае, або Віленскае краінаў. Зіма тут бывае мягкая, сьнег у адлігу часта зыходзіць. Затое ўлетку йдзе больш дажджоў, неба пахмурнейшае. Сярэдняя гадавая тэмпэратура каля + 6,5°. Блізкасьць мора моцна ўплывае на клімат гэтае краіны. Ад Аўгустова да мора - 170 вер.) Асабліваю вільготнасьцяю паветра адзначаюцца лядавіковыя даліны. Над імі ў летнія ночы заўсёды блізка стаяць туманы.

Грунты краіны ў большасьці - лёгкія, супяшчаныя, досіць ураджайныя. Паміж супяскоў, на больш павышаных мяйсцовасьцях, ляжаць астравамі цяжэйшыя суглінкі, гэтак званыя пшанічныя землі. Але за тое спатыкаецца досіць многа й зусім бедных пяшчаных грунтоў. Найбольш іх у Слонімскім пав., на правым беразе Шчары, а так сама ля Нёмна ў Горадзенскім пав. (правы бераг) і ў Аўгустоўскім (левы бераг). Хаця большая частка гэтых пяскоў ляжыць пад лясамі, але шмат ужо лясоў парасьцярэблівана. Не заўсёды ўмеў, аднак, гаспадар скарыстаць з пяшчанага грунту; часта вецер раздзьмухвае палеткі й робіць на іх мейсцы сьветла - жоўтую пяшчаную пустыню-выдму. Пакрысе пясок перасоўвуецца й далей, засыпаючы сабою ўраджайнае поле і навет сялібы.

Сярэдзіна Наднёманскае краіны мае мала лясоў; часта спатыкаюцца зусім бязьлесныя мяйсцовасьці, дзе на дзесяткі вёрст наўкола няма лесу. За тое ўздоўж межаў краіны цягнуцца вялікія лясы - пушчы. Паўночныя наднеманскія пяскі займаюць пушчы Горадзенская і Аўгустоўская . З усходу йдуць дубовыя Дакудаўскія лясы, ля Нёмна, і цэлы лясны паяс уздоўж пяшчанага правага берагу Шчары (Ліпічанская пушча). Ўрэшце на паўднёвых адхоноватых спадах Ваўкавыскага ўзгор'я ляжыць слаўная Белавежская пушча.

У лясох Горадзеншчыны расьце ўжо шмат ліставога дрэва, часта спатыкаюцца й цэлыя ліставыя лясы, напр. дубнякі. Шмат тут ёсць грыбоў, ягад. Водзіцца у пушчах яшчэ шмат і усялякае зьвярыны, навет і рэдкае. Гэтым асабліва славіцца Белавежская пушча.

Вазёраў у краіне мала. Толькі ў Горадзенскай пушчы, як сьляды краявіду суседніх морэнных краінаў, ляжаць вялікія выцягнутыя вазёры, прыкл., воз. Белае[1]), ды яшчэ ў даліне Нёмана спатыкаюцца невялікія вазяркі, - астаткі старых рэчышчаў. На паўднёвым усходзе, ў Слонімскім і Пружанскім паветах , ляжаць абшырныя балоты, праўда ужо моцна падсушаныя. Частка іх улетку косіцца. Сенажацяў наагул уздоўж рэкаў краіны ёсьць шмат, асабліва ў Слонімскім і Пружанскім пав.; гэта дазваляе трымаць больш скаціны.

Гаспадарка ў Наднёманскай краіне стаіць высака таго-ж ня толькі ў дварох, а і па вёсках. На лёгкіх грунтох, якіх ў краіне найбольш, дзе даўнёй сеялі толькі авёс ды грэчку, Ды яшчэ каноплі, цяпер садзяць вельмі шмат бульбы, сеюць канюшыны, сарадэлі і інш. Сеюць так сама і ячмень, і грэчку прычым грэчкі тут сеюць больш, чымся ў суседніх краінах. Гадуюць заводзкую скаціну: коней, сьвіньні. Разводзяць значныя сады й гароды; сеюць між іншым шмат табакі.

  1. У памяці людзкой тут яшчэ перахаваўся выпадак, калі адно з вазёраў гэтага тыпу (воз. Салаты), якое ляжала значна вышэй роўня вады ў Нёмне, за адну ноч у 1841 г. пракапала сабе канал да р. Ротнічанкі (прыток Нёмна) і зыйшло ўсё праз яе ў Нёман.