Старонка:Географія Беларусі.pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

Як мы ведаем, цераз краіну праходзіць апрача Нёмна яшчэ Шчара, злучаная з Прыпяцяю Агінскім каналам. Гэтыя вадзяныя дарогі, калі-б былі добра выкарыстаныя, маглі-б моцна падняць экономічнае жыцьцё краю. Цяпер яны служаць найбольш для сплаву лесу, даючы зарабатак насяленьню, асабліва у Пружанскім і Слонімскім паветах.

Беларускае насяленьне Горадзеншчыны ўжывае найбольш паўднёвае гаворкі (сакуны); на захадзе краіны ў мове беларусаў сустракаюцца полёнізмы. Істнуюць і пераходныя беларуска - мазурскія гаворкі (суседняя з беларусамі польская гаворка - мазурская), але займаюць яны дужа малы прастор.

Pыc. 119. Тыпы беларускіх сялян з Сакольскага пав. (канца XIX в.).

Наагул беларуска-польская этнографічная мяжa тут, гэтак сама, як і ў суседнім Падлясьсі, вельмі выразная. На поўначы Лідзкага пав., перамяшаўшыся з беларусамі, жыве досіць многа ліцьвіноў. Сяляне Горадзеншчыны апошнія часы адзначаліся сваёю культурнасьцяю, імкненьнем да навукі і сьведамасьцяю. Вайна зрабіла няшчысьлёную шкоду гэтай краіне. Больш палавіны насяленьня было выгнана расейскімі ўладамі ў бежанства; толькі малая частка гэтых людзей вярнулася на родныя пажарышчы. Дзеля гэтага ў даным часе краіна мае моцна зрэджанае насяленьне.

Па ўсёй краіне разсыпана шмат дробных мястэчак, населеных найбольш жыдамі. У мястэчках звычайна шмат рамеснікаў, а ў некаторых вырастаюць і хвабрыкі, як, прыкладам, у мяст. Крынках. З прамысловага боку Наднёманская краіна досіць разьвітая. Найбольшы прамысловы цэнтр - Горадня. Моцна йдзе ў гару і Слонім. Хатнія рамёслы ў краіне пашыраныя. Асабліва добра стаіць усюдых ткацтва.

Апроч вадзяных дарог краіна досіць багатая на чыгункі і асабліва на шосы. Краіну перасякаюць 7 чыгункавых лініяў і шмат шосаў. Ёсьць 5 вузлавых станцыяў: Горадня, Ваўкавыск, Ліда, Масты і Гайнаўка. З Горадні разыходзяцца чыгункі ў 4 кірунках, а шосы ў 5-х.